Фотапраект «Дзяржынск: ПЕРАД і ПАСЛЯ» да 85-годдзя Мінскай вобласці і Года міру і стварэння

15 студзеня 2023 года свой 85-гадовы юбілей адсвяткавала Мінская вобласць. Дзесяткі разнастайных творчых праектаў, прысвечаных гісторыі і сучаснасці Цэнтральнага рэгіёна, сталі падарункам Міншчыне.

Па ініцыятыве актыву пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і пры ўдзеле Дзяржынскага райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі быў створаны фотапраект «Дзяржынск: ПЕРАД і ПАСЛЯ». У сацыяльных сетках зараз можна знайсці рэдкія кадры мінулых гадоў Дзяржынскага раёна і параўнаць з сучасным відам гэтых жа аб’ектаў.

Пляцоўкай для дэманстрацыі фотадакументаў праекта «Дзяржынск: ПЕРАД і ПАСЛЯ» выбраны профіль архіва у Instagram. Даступнасць, магчымасць ахопу шырокай аўдыторыі, прастата размяшчэння і каментавання матэрыялаў сталі гарантам поспеху праекта.

Гэта не проста гісторыя, адлюстраваная ў фотаздымках. Праект закліканы падкрэсліць духоўную сувязь пакаленняў, нястомную працу і дасягненні бацькоў і дзядоў, якія павінна захаваць і прымножыць сучасная моладзь. Асаблівае гучанне і актуальнасць гэты праект набывае ў Год міру і стварэння.

Праект плануецца развіваць і надалей: арганізатары спадзяюцца, што жыхары рэгіёну падключацца да такога незвычайнага фармату прадстаўлення гісторыі сваёй малой радзімы. Вынікам гэтага праекта стане паўнацэнная выставачная экспазіцыя на розных пляцоўках Рэспублікі Беларусь.

Больш падрабязна можна пазнаёміцца з праектам на партале газеты «Узвышша».

 

1. Погляд на макет будынка Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (1977 г.), БДАКФФД у г. Дзяржынску (1993 г.), сучаснае аблічча архіва
(БДАКФФД, 24 студзеня 2023 г., г.Дзяржынск)
2. Погляд на чыгуначную станцыю Койданава ў г. Дзяржынску (1966 г.) і яе сучаснае аблічча
(БДАКФФД, 24 студзеня 2023 г., г.Дзяржынск)
3. Горад Фаніпаль, від на храм Ушэсця Гасподняга ў пачатку будаўніцтва (1995 г.) і яго сучаснае аблічча
(БДАКФФД, 24 студзеня 2023 г., г.Дзяржынск)
4. Падчас будаўніцтва будынка гандлёвага цэнтра ў г. Дзяржынску (1977 г.) і сучаснае аблічча Дома гандлю па вул. К. Маркса
(БДАКФФД, 24 студзеня 2023 г., г.Дзяржынск)
5. Футбольны матч з удзелам каманды «Металіст» Дзяржынскага доследна-механічнага завода на гарадскім стадыёне (1967 г.) і сучасны від стадыёна «Гарадскі»
(БДАКФФД, 24 студзеня 2023 г., г.Дзяржынск)
6. Погляд на помнік Ф. Э. Дзяржынскаму ў скверы г. Дзяржынска (1985 г.). На заднім плане – будаўніцтва гандлёвага цэнтра. Сучасны гандлёвы цэнтр «Вясёлка» (2020 г.)
(БДАКФФД, 24 студзеня 2023 г., г.Дзяржынск)