Прэзентацыя зборніка дакументаў «Гродзеншчына ў ліпені-верасні 1920 г.: улада і грамадства. Дакументы і матэрыялы»

26 снежня 2022 года ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці пры ўдзеле складальнікаў і рэцэнзентаў прайшла прэзентацыя зборніка «Гродзеншчына ў ліпені-верасні 1920 г.: улада і грамадства. Дакументы і матэрыялы».

А.Н.Горны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, які прымаў удзел у складанні зборніка, прадставіў выданне, падрыхтаванае па дакументах архіва. Абазначыў актуальнасць тэматыкі, расказаў пра асноўныя этапы падрыхтоўкі зборніка.

Л.В.Салкевіч, супрацоўнік архіва, расказала пра крытэрыі адбору фондаў, дакументаў і ілюстрацый, якія пасля ўвайшлі ў зборнік.

Дырэктар архіва С.І.Міклашэвіч падзякаваў складальнікам і рэцэнзентам зборніка за аказаную дапамогу ў падрыхтоўцы навукова-папулярнага выдання.

У прадстаўленым зборніку публікуюцца дакументы і матэрыялы, якія адлюстроўваюць станаўленне і развіццё валасных і павятовых рэўкамаў на тэрыторыі Гродзеншчыны летам 1920 г., іх палітыку ў галіне народнай адукацыі, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і інш. Дакументы, якія ўвайшлі ў зборнік, раней не былі прадстаўлены ў публікацыях падобнага кшталту. У зборнік уключана 140 дакументаў і 90 ілюстрацый.