Віртуальная выстава «Алеся» – першая опера ў вызваленым Мінску»
Да Года гістарычнай памяці і 100-годдзя архіўнай службы Беларусі на сайце Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва размешчана віртуальная выстава «Алеся» – першая опера ў вызваленым Мінску».
Нацыянальная опера Я. Цікоцкага «Алеся» (пазней «Дзяўчына з Палесся», лібрэта П. Броўкі) – першы музычны сцэнічны твор, прысвечаны тэме партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. Прэм’ера оперы адбылася 24 снежня 1944 года ў вызваленым Мінску і стала знамянальнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. Гісторыя стварэння і пастаноўкі оперы «Алеся» («Дзяўчына з Палесся»), якая налічвае больш за два дзесяцігоддзі, з’яўляецца яскравым сведчаннем няпростай працы таленавітых творцаў ва ўмовах ваенных нягод і пасляваеннага аднаўлення.