1 лістапада 2022 года у рамках акцыі «Архівы-школе» і мерапрыемстваў прымеркаваных да 100-годдзя архіўнай галіны Беларусі ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча з навучэнцамі 7 класаў СШ № 11 горада Мінска.

У рамках сустрэчы для дзяцей была праведзена экскурсія па архіве. Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання І.У.Дарагуш распавяла аб гісторыі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, аб складзе і асаблівасцях захоўвання дакументаў, працы архіва ў галіне публікацыйнай і выставачнай дзейнасці. Падчас экскурсіі навучэнцы азнаёміліся з банэрнай выставай «Архивная служба Беларуси: 100 лет вместе со страной (1922-2022 гг.)», наведалі архівасховішча фондаў партызанскіх фарміраванняў, дзе з імі правялі гутарку па гісторыі партызанскага руху і азнаёмілі з асабістымі справамі каманднага складу партызанскіх атрадаў і брыгад, баявымі лісткамі і інш. дакументамі.

Гэтак жа навучэнцы наведалі архівасховішча фондаў асабістага паходжання, дзе для іх была арганізавана выстава дакументаў дзяржаўных, грамадскіх і партыйных дзеячаў, навукоўцаў Беларусі, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і інш.

І.У. Дарагуш распавяла, як фармуюцца фонды асабістага паходжання і аб іх значнасці ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Навучэнцы зацікавіліся працэсам стварэння сямейнага архіва, яны з энтузіязмам прынялі рашэнне сабраць звесткі па гісторыі сваёй сям’і, рода, абяцалі пагаварыць са сваякамі, а таксама атрымалі кансультацыю аб пошуку дадатковай інфармацыі ў архівах Беларусі.