У рамках акцыі «Архівы – школе» у дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 6 г. Віцебска імя А. Я. Белахвосцікава» праведзены тэматычны ўрок, прысвечаны Году гістарычнай памяці.

Загадчыца аддзела ІПС і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Алена Бондарава расказала навучэнцам 9 «А» класа аб ролі архіўных устаноў у захаванні дакументальнай спадчыны, рабоце архівістаў па выяўленні дакументаў, якія пацвярджаюць факт генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Агучана інфармацыя аб гісторыі лагера для савецкіх ваеннапалонных і грамадзянскіх асоб, створанага ў Віцебску нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі былога 5-га чыгуначнага палка. Колькасць загінуўшых і закатаваных у ім людзей складае ад 80 да 100 тыс. чалавек.

З вялізным інтарэсам дзеці азнаёміліся з некаторымі ўспамінамі юных сведак ваенных падзей, якія захоўваюцца ў калекцыі дакументаў аб удзельніках Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, Вялікай Айчыннай вайны, ветэранах партыі і працы. Сярод іх ёсць успаміны юнага партызана, а затым разведчыка 136-й асобнай разведвальнай роты 47-й стралковай дывізіі Ялтыхова Пятра Ігнацьевіча, які ва ўзросце 14 год быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».

Актыўны ўдзел дзеці прынялі ў квест-гульні, адгадваючы на старадаўніх фатаграфіях адлюстраваныя на іх навучальныя ўстановы г. Віцебска.

Не абышлося і без хатняга задання: скласці па ўспамінах сваякоў сваё генеалагічнае дрэва.

 

А.М. Бондарава з навучэнцамі 9 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа № 6 г. Віцебска імя А. Я. Белахвосцікава».
Навучэнцы ДУА «Сярэдняя школа № 6 г. Віцебска імя А. Я. Белахвосцікава» на тэматычным уроку.