Аб правядзенні ўрачыстага мерапрыемства да 100-годдзя архіўнай службы Беларусі ва ўстанове “Занальны дзяржаўны архіў у г. Навагрудку”

 
6 кастрычніка 2022 г., у Дзень архівіста, ва ўстанове “Занальны дзяржаўны архіў у г. Навагрудку” адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 100-годдзю архіўнай службы Беларусі. Удзел у ім прынялі работнікі архіўнай галіны, прадстаўнікі органаў улады, грамадскасці і СМІ.

Дырэктар архіва А.С.Забелінская прадставіла дакументальную стэндавую выставу «Захавальнікі гісторыі», на якой дэманструюцца дакументы і фатаграфіі, якія адлюстроўваюць асноўныя вехі гісторыі Занальнага дзяржархіва ў г. Навагрудку, пачынаючы з яго стварэння ў 1963 годзе і да нашых дзён. Выступленне Алы Сцяпанаўны суправаджалася прэзентацыяй, падрыхтаванай да 100-годдзя архіўнай службы Беларусі.

Намеснік старшыні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта С.М.Каролька і кіраўнік спраў Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта У.І.Латушка адзначылі граматамі лепшых спецыялістаў архіўнай установы, а таксама выступілі з прывітальнымі і віншавальнымі словамі на адрас усіх прысутных у зале.

Падчас урачыстасці супрацоўнікі Занальнага дзяржархіва ў г. Навагрудку павіншавалі ўсіх ветэранаў – былых работнікаў архіва, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё архіўнай справы ў рэгіёне, і ўручылі ім кветкі і падарункі.

Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства яркімі музычнымі нумарамі, падрыхтаванымі выкладчыкамі і навучэнцамі ДУА “Навагрудская дзіцячая школа мастацтваў”.


==============================================