Напярэдадні Сусветнага Дня пошты (9 кастрычніка) у ДУА «Сярэдняя школа № 11 г. Рэчыцы» супрацоўнікі Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Рэчыцы правялі лекцыю па тэме «Наш сябар – паштальён»

У рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе» і напярэдадні Сусветнага Дня пошты (9 кастрычніка) у ДУА «Сярэдняя школа № 11 г. Рэчыцы» для навучэнцаў 5-Г класа супрацоўнікі Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Рэчыцы (дырэктар Наталля Мікалаеўна Пішчык і вядучы археограф аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў Сяргей Аляксандравіч Жарносенка) правялі лекцыю па тэме «Наш сябар – паштальён».

На аснове дакументаў архівісты расказалі дзецям аб фондаўтваральніку архіва – рэчыцкім паштальёне Яўгеніі Аляксандраўне Адамовіч. Госця мерапрыемства, дачка Яўгеніі Аляксандраўны, ганаровы архівіст Беларусі Таццяна Іванаўна Адамовіч падзялілася з навучэнцамі ўспамінамі пра маму як пра чалавека і паштальёна. З вялікім задавальненнем пяцікласнікі адказвалі на пытанні тэматычнай віктарыны «Планета Пошта».

Пасля завяршэння лекцыі для ганаровай госці была праведзена экскурсія па аддзелах і архівасховішчах Рэчыцкага дзяржархіва. Таццяна Іванаўна паразмаўляла з калегамі і азнаёмілася з сучасным станам, абсталяваннем і архіўнай калекцыяй дакументаў установы, якой яна кіравала ў 1981 – 1987 гг.