Падведзены вынікі конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі» 2022 года

У Год гістарычнай памяці і 100-годдзя архіўнай службы Беларусі 30 верасня 2022 г. на базе Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Рэчыцы адбылося падвядзенне вынікаў і прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў прафесійнага конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі».

У адпаведнасці з палажэннем гэты конкурс праводзіцца раз у два гады ў мэтах абагульнення і распаўсюджвання перадавога вопыту ў галіне архіўнай справы, удасканалення прафесіяналізму архівістаў і стымулявання павышэння іх кваліфікацыі.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства архівістаў».

Конкурс адбыўся пры актыўным удзеле галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта і Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Тэма конкурсу «Архівы – памяць народа, яго дакументальная спадчына».

Конкурс праходзіў у два этапы. У рамках першага (у завочным фармаце) удзельнікі прадставілі спецыяльна падрыхтаваныя пісьмовыя работы па тэме конкурсу.

Свае аўтарскія праекты на конкурс накіравалі 20 работнікаў дзяржаўных архіўных устаноў Беларусі, сярод якіх былі прадстаўнікі ўсіх абласцей нашай рэспублікі. У пісьмовых работах разглядаліся розныя аспекты, звязаныя з вывучэннем і папулярызацыяй дакументальнай спадчыны нашай краіны.

Другі этап конкурсу праходзіў у вочным фармаце і ўключаў 2 часткі: практычную і творчую. У рамках практычнай часткі канкурсантам неабходна было ў пісьмовым выглядзе выканаць заданні, якія датычацца тэорыі і практыкі архіўнай справы. Другая частка этапа ўяўляла сабой творчую самапрэзентацыю ўдзельнікаў і прэзентацыю іх пісьмовых конкурсных работ. Гэта не толькі дазволіла аўтарам расставіць неабходныя акцэнты і больш шырока асвятліць асобныя аспекты сваіх пісьмовых работ (суправадзіўшы іх ілюстрацыйным шэрагам, схемамі і дыяграмамі і да т.п.), але і прадаставіла канкурсантам дадатковыя магчымасці раскрыць свой прафесійны і асобасны патэнцыял, расказаць пра дзейнасць архіўных. устаноў і ўласнай паўсядзённай рабоце і дасягненнях.

Пасля падвядзення вынікаў конкурснай камісіяй было абвешчана, што лаўрэатамі конкурсу «Лепшы архівіст Беларусі» 2022 года сталі:

першае месца – Жарносенка Сяргей Аляксандравіч, вядучы археограф аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Рэчыцы;

другое месца – Крышчанка Вераніка Алегаўна, архівіст I кваліфікацыйнай катэгорыі аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці;

трэцяе месца – Жылінская Марыя Мікалаеўна, вядучы архівіст аддзела навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

У рамках афіцыйнай цырымоніі ўзнагароджання старшыня конкурснай камісіі – першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Лядоўская А.А. уручыла пераможцам конкурсу спецыяльныя дыпломы і падарункавыя камплекты. Усе астатнія канкурсанты былі адзначаны сертыфікатамі ўдзельнікаў і памятнымі падарункамі.

У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел намеснік старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Чарнуха Ю.А. і старшыня Рэчыцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Бадзюля С.М.

Госці адзначылі важнае месца, якое займаюць архівы ў жыцці беларускага грамадства і ў дзяржаўнай сістэме рэспублікі, падзякавалі архівістам за іх няпростую, але вельмі неабходную працу. За актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці архіўных устаноў і высокія вынікі ў конкурсе «Лепшы архівіст Беларусі» былі ўручаны дыпломы Жарнасенка С.А., Крышчанка В.А. і Жылінскай М.М.

Дыпломамі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў былі таксама адзначаны пераможцы ў спецыяльных намінацыях:

Мяша С.В. (Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў) – «За лепшую прэзентацыю»,

Любецкая А.Э. (Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва) і Жарносенка С.А. (Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы) – «За выдатнае веданне тэорыі і практыкі архіўнай справы»,

Крышчанка У.А. (Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці) – «За лепшую конкурсную работу».

Віншуем пераможцаў конкурсу і жадаем усім удзельнікам далейшых прафесійных поспехаў і дасягненняў!

У завяршэнні мерапрыемства адбылося фатаграфаванне ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу.

Старшыня конкурснай камісіі – першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Лядоўская А.А. і пераможцы далі інтэрв’ю карэспандэнту раённай газеты «Дняпровец».