У рамках акцыі “Архівы – школе” ўстанову “Занальны дзяржаўны архіў у г. Навагрудку” наведалі навучэнцы 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Навагрудка”

З пачаткам новага 2022/2023 навучальнага года ўстанова «Занальны дзяржаўны архіў у г. Навагрудку» працягвае актыўна ўзаемадзейнічаць з установамі адукацыі горада і раёна.

7 верасня 2022 г. гасцямі дзяржаўнага архіва ў г. Навагрудку сталі навучэнцы 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Навагрудка”. У фае хлопчыкаў і дзяўчынак сустрэла архівіст аддзела забеспячэння захаванасці, уліку і выкарыстання дакументаў Валянціна Канстанцінаўна Калач, якая распавяла дзецям, што ўяўляе сабой архіўную ўстанову, яе функцыі і задачы, гісторыю стварэння архіва ў г. Навагрудку, патлумачыла, з якімі гістарычнымі фактамі звязана юбілейная дата архіўнай службы Беларусі.

Далей падчас сустрэчы юнакі і дзяўчаты былі праінфармаваны аб тым, якія распарадчыя і выканаўчыя органы, арганізацыі, установы, прадпрыемствы з’яўляюцца крыніцамі камплектавання архіва, на прыкладзе аднаго фонду быў разгледжаны склад яго дакументаў. У чытальнай зале архіва школьнікам былі прадэманстраваны архіўныя дакументы, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца супрацоўнікамі для выканання запытаў грамадзян і карыстальнікамі для вывучэння свайго радаводу, а таксама перыядычныя выданні мінулых гадоў. Акрамя гэтага Валянціна Канстанцінаўна пазнаёміла навучэнцаў з дзейнай стэндавай дакументальнай выставай і адказала на пытанні хлопчыкаў і дзяўчынак.

Далей навучэнцы з вялікай цікавасцю паўдзельнічалі ў працэсе падрыхтоўкі дакументаў да архіўнага захоўвання: іх падшыўкі, нумарацыі, афармленні ліста-запэўніцеля.

Сустрэча завяршылася агляднай экскурсіяй па архіўнай установе з наведваннем архівасховішчаў, у якіх дзеці ўбачылі на свае вочы багатую дакументальную спадчыну нашага рэгіёну.