У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь прайшоў Міжнародны круглы стол, прысвечаны 80-годдзю стварэння Беларускага штаба партызанскага руху

6 верасня 2022 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ) адбыўся Міжнародны круглы стол «В целях усиления связи и руководства партизанскими отрядами Белоруссии…», прысвечаны 80-годдзю стварэння Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР). Суарганізатарамі форума выступілі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.

Круглы стол сабраў вядучых спецыялістаў па гісторыі партызанскага руху ў Рэспубліцы Беларусь — вучоных, выкладчыкаў, архівістаў з НАРБ, Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай.

Традыцыйнымі ўдзельнікамі навуковых форумаў, арганізаваных НАРБ, з’яўляюцца прафесары кафедры грамадскіх навук Санкт-Пецярбургскага політэхнічнага ўніверсітэта Пятра Вялікага д.г.н. А.Я.Краснажонава і С.У.Кулік, а таксама вядучы архівіст аддзела навукова-публікатарскай і выставачнай работы Цэнтральнага дзяржаўнага архіва гісторыка-палітычных дакументаў Санкт-Пецярбурга А.А.Баландзіна.

У рэжыме анлайн за працай круглага стала назіралі студэнты 2-га і 3-га курсаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай.

У прывітальным слове дырэктар НАРБ А.К.Дземянюк падкрэсліў, што ў архіве захоўваецца ўнікальны па свайму складу і інфарматыўнасці фонд БШПР і вельмі сімвалічна, што ініцыятарам круглага стала выступіў Нацыянальны архіў. Удзел у форуме прынялі ўнук і ўнучка начальніка БШПР П.З.Калініна — П.М.Калінін і Н.М.Шэлег. Яны падзяліліся ўспамінамі аб сваім дзядулі і падзякавалі арганізатараў форума за запрашэнне. А.К.Дземянюк уручыў П.М.Калініну завераныя копіі асабістых спраў (партыйнай і штаба партызанскага руху) П.З.Калініна.

Навуковую частку круглага стала адкрыў даклад дырэктара Нацыянальнага архіва А.К.Дземянюка «Тема партизанской борьбы в публикационной деятельности НАРБ», у якім былі прадстаўлены асноўныя вынікі працы архіва па ўвядзенні ў навуковы абарот дакументаў па гісторыі партызанскага руху.

Намеснік начальніка аддзела арганізацыйнай працы, інфармацыі і выкарыстання дакументаў Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь М.М.Скамарошчанка расказаў аб дакументацыйным забеспячэнні дзейнасці БШПР.

Загадчык аддзела публікацый к.г.н. С.В.Кулінок выступіў з тэмай «Фонд Центрального штаба партизанского движения в РГАСПИ: состав, научный потенциал, использование», а архівіст 1-й катэгорыі гэтага ж аддзела У.К.Вазнясенскі прадставіў даклад «Карательная операция «Франц» и сожжение деревни Брицаловичи (январь 1943 г.)».

Даклады ўдзельнікаў круглага стала вызвалі жывы інтарэс і абмеркаванне.

Падрабязнасці на партале SB.by