6 верасня 2022 года ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё фотадакументальнай выставы з нагоды 120-годдзя з дня нараджэння Панцеляймона Кандрацьевіча Панамарэнкі

6 верасня 2022 года ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё фотадакументальнай выставы, падрыхтаванай работнікамі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь сумесна з Расійскім дзяржаўным архівам сацыяльна-палітычнай гісторыі пры ўдзеле Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў з нагоды 120-годдзя з дня нараджэння Панцеляймона Кандрацьевіча Панамарэнкі – дзяржаўнага і партыйнага дзеяча, першага сакратара ЦК КП(б)Б, сакратара ЦК КПСС, Старшыні Савета Міністраў БССР, міністра нарыхтовак СССР, міністра культуры СССР, начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху, генерал-лейтэнанта.

З прывітальным словам перад прысутнымі выступіў дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Канстанцінавіч Дземянюк.

З выставай азнаёміліся прадстаўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кіраўнікі рэспубліканскіх архіўных устаноў, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі і Расіі, студэнты гістарычнага факультэта БДУ – удзельнікі пасяджэння Міжнароднага круглага стала «В целях усиления связи и руководства партизанскими отрядами Белоруссии…» (да 80-годдзя стварэння Беларускага штаба партызанскага руху). Куратар выставы, азагадчык аддзела фондаў асабістага паходжання Інэса Уладзіміраўна Дарагуш правяла аглядную экскурсію, распавяла пра склад дакументаў, прадстаўленых на выставе.

У якасці ганаровых гасцей на мерапрыемстве прысутнічалі ўнукі начальніка Беларускага штаба партызанскага руху Калініна Пятра Захаравіча: намеснік старшыні Міжнароднай федэрацыі баявых мастацтваў Калінін Пётр Міхайлавіч і вядучы спецыяліст Савецкай раённай арганізацыі ветэранаў г. Мінска Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Шэлег Наталля Міхайлаўна. Госці наведалі выставу і архівасховішча фондаў асабістага паходжання, дзе азнаёміліся з дакументамі з асабістых архіваў дзяржаўных і партыйных дзеячаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.