Да 100-годдзя рэжысёра, актрысы Галіны Уладамірскай (1922-2002)

Галіна Іванаўна Уладамірская нарадзілася 15 жніўня 1922 г. У 1939 г. паступіла на філалагічны факультэт БДУ, але не скончыла яго з-за пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У 1945-1948 гг. была артысткай дапаможнага складу і студэнткай драматычнай студыі Беларускага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Адначасова з 1945 г. па 1986 г. – рэжысёр дубліравання на кінастудыі “Беларусьфільм”. У 1951-1953 гг. – кіраўнік мастацкай самадзейнасці ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме. У 1953-1954 гг. – актрыса Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра.

З 1954 г. – актрыса Беларускага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Сыграла ролі: Цёткі (“Людзі і д’яблы” К. Крапівы), Леаноры (“Дзень цудоўных падманаў” Р. Шэрыдана), Бэці (“Шлюб па сакрэту” Д. Кольмана-старэйшага, Д. Гарыка), Вядучай (“Мільён за ўсмешку” А. Сафронава) і інш. З 1958 г. як рэжысёр-асістэнт удзельнічала ў пастаноўках спектакляў Б. Эрына, Б. Луцэнкі, В. Раеўскага. У 1969-1973 гг. завочна скончыла БДТМІ па спецыяльнасці “рэжысёр драмы”. Ажыццявіла пастаноўкі спектакляў: “Лапці-самаскокі”, “Снежная каралева”, “Тры Іваны, тры браты” ў Беларускім акадэмічным тэатры імя Я. Купалы, “Чынчраквела” ў ТЮГ. Аднавіла спектаклі “Ліса і вінаград”, “Лявоніха на арбіце”, “У мяцеліцу”.

З’яўлялася аўтарам і вядучым тэлеперадач пра творчасць артыстаў Беларускага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Актыўна супрацоўнічала з радыё, запісала больш за 400 перадач. Выкладала майстэрства акцёра і рэжысуры ў Мінскім інстытуце культуры. За актыўную творчую і грамадскую дзейнасць узнагароджана шматлікімі ганаровымі граматамі і дыпломамі.

Памерла 28 верасня 2002 г.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца сямейны фонд акцёрска-рэжысёрскай сям’і Уладамірскіх (№ 229). Дакументы Галіны Іванаўны Уладамірскай прадстаўлены фатаграфіямі ў ролях, рэжысёрскімі экземплярамі п’ес, сцэнарыямі перадач, перапіскай, дакументамі да біяграфіі, калекцыяй фатаграфій.

 

1. Г. Уладамірская. 1960-я гг. БДАМЛМ. Ф. 229. Воп. 2. Адз. зах. 168. Л. 4.
2. Г. Уладамірская з артыстамі і кіраўнікамі драматычнай студыі Беларускага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы ў час рэпетыцыі выпускнога спектакля «Апошнія» М. Горкага. 1948 г. БДАМЛМ. Ф. 229. Воп. 2. Адз. зах. 133. Лл. 1-2.
3. Пасведчанне аб заканчэнні драматычнай студыі Беларускага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы на імя Г. Уладамірскай. 1948 г. БДАМЛМ. Ф. 229. Воп. 2. Адз. зах. 148. Л. 1.
4. Г. Уладамірская ў ролі Павловой («У лесного озера» Ц. Саладара, рэж. Г. Волкаў), сыгранай у Брэсцкім абласным драматычным тэатры, і сцэна з гэтага спектакля. 1953 г. БДАМЛМ. Ф. 229. Воп. 2. Адз. зах. 134. Лл. 1-2.
5. Г. Уладамірская ў ролі штурмана Ольги Атаманенко («Свадебное путешествие» У. Дыхавічнага, рэж. Г. Волкаў), сыгранай у Брэсцкім абласным драматычным тэатры, і сцэна з гэтага спектакля. 1954 г. БДАМЛМ. Ф. 229. Воп. 2. Адз. зах. 135. Лл. 1-3.
6. Г. Уладамірская ў ролі Леаноры («Дзень цудоўных падманаў» Р. Шэрыдана, рэж. Л. Літвінаў), сыгранай у Беларускім акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. 1959 г. БДАМЛМ. Ф. 229. Воп. 2. Адз. зах. 136. Л. 1.
7. Праграма спектакля «Навальніца» А. Астроўскага (рэж. Г. Уладамірская), пастаўленнага ў Беларускім акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. З дароўным надпісам пастаноўшчыка Л. Хейфеца ад 8 снежня 1975 г. БДАМЛМ. Ф. 229. Воп. 2. Адз. зах. 154. Лл. 7-8.
8. Рэжысёрскі экземпляр п’есы А. Дударава «Вечар», пастаўленнай у Беларускім акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Машынапіс з каментарыямі рэжысёра Г. Уладамірскай. 1984 г. БДАМЛМ. Ф. 229. Воп. 2. Адз. зах. 139. Лл. 3адв-4.