Аб удзеле супрацоўнікаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь у працы дыялогавай пляцоўкі «Што такое цаліна?»

1 жніўня, у Дзень беларускіх студэнцкіх атрадаў, на базе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ) адбылося пасяджэнне дыялогавай пляцоўкі «Што такое цаліна?», у якім прынялі ўдзел супрацоўнікі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ).

У рамках мерапрыемства намеснік дырэктара архіва А.А.Стуканава расказала аб рэалізацыі сумеснага праекта НАРБ і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «Перасяленцы з БССР», які расказвае пра ўдзел ўраджэнцаў БССР у пасляваеннай эканамічнай міграцыі ў розныя рэгіёны Савецкага Саюза.

Алена Аляксандраўна прадставіла першы электронны зборнік дакументаў з серыі «Белорусы на целинных землях Казахстана: 1954 — середина 1960-х гг.». У яго падрыхтоўцы прынялі ўдзел НАРБ, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, а таксама архівы з Казахстана: Архіў Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан, Дзяржаўны архіў Кастанайскай вобласці і Дзяржаўны архіў Усходне-Казахстанскай вобласці.

У сваім выступленні А.А.Стуканава таксама расказала аб віртуальнай выставе «Вьется дорога длинная, здравствуй, земля целинная!», прысвечанай удзелу беларускіх камсамольцаў у асваенні цалінных зямель Казахстана, азнаёміцца з якой можна на афіцыйным сайце архіва (https://narb.by/ru/%D0%BE%D0%B1-%D0%B0%D1%80%D1%85%D0%B8%D0%B2%D0%B5/%D0%B2%D1%8B%D1%81%D1%82%D0%B0%D0%B2%D0%BA%D0%B8/document-17533.html).

У заканчэнне Алена Аляксандраўна падарыла БРСМ электронны зборнік дакументаў «Белорусы на целинных землях Казахстана: 1954 — середина 1960-х гг.», а таксама лічбавыя копіі дакументаў аб удзеле камсамольцаў БССР у «цаліннай кампаніі».

Навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Т.М.Агеенка азнаёміла ўсіх прысутных з навігацыяй па мультымедыйным зборніку, а вядучы архівіст аддзела выкарыстання, к.г.н., дацэнт В.Г.Мазец расказаў больш падрабязна аб правядзенні «цаліннай кампаніі» і ўдзеле ў ёй моладзі.