Да 105-годдзя празаіка, перакладчыка, публіцыста, народнага пісьменніка Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Янкі Брыля (1917-2006)

Янка (Іван Антонавіч) Брыль нарадзіўся 4 жніўня (22 ліпеня) 1917 г. у г. Адэсе ў сям’і чыгуначніка. У 1922 г. разам з бацькамі пераехаў у вёску Загор’е Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. У 1931 г. скончыў сямігадовую школу і паступіў у Навагрудскую гімназію, але не змог там вучыцца з-за матэрыяльных абставін. Займаўся самаадукацыяй, працаваў на гаспадарцы.

У сакавіку 1939 г. быў прызваны ў польскую армію, служыў у марской пяхоце. У верасні трапіў у палон, знаходзіўся ў лагеры для палонных у Памераніі, потым у Баварыі. Восенню 1941 г. уцёк на радзіму. З кастрычніка 1942 г. – сувязны партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а з сакавіка да ліпеня 1944 г. – партызан-разведчык брыгады “Камсамолец” і рэдактар газеты “Сцяг свабоды”, наладзіў выданне пры гэтай газеце сатырычнага лістка “Партызанскае жыгала”. Пасля вызвалення Мірскага раёна працаваў рэдактарам раённай газеты. У кастрычніку 1944 г. пераехаў у Мінск.

У 1944-1949 гг. – літсупрацоўнік у газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну” (“Вожык”). У 1950-1951 гг. быў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. З лютага па кастрычнік 1953 г. працаваў намеснікам рэдактара часопіса “Маладосць”. У 1959-1961 гг. – намеснік рэдактара часопіса “Полымя”. У 1966-1971 гг. быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1963-1967 і 1980-1985 гг. абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Узнагароджаны 2 ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 2 ступені, “Дружбы народаў”, “Знак Пашаны”, шматлікімі ганаровымі граматамі і медалямі. Лаўрэат дзяржаўных і літаратурных прэмій.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1945 г. Народны пісьменнік Беларусі (1981). Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994).

Памёр 25 ліпеня 2006 г.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд пісьменніка (№ 59), які прадстаўлены рукапісамі (аповесці, апавяданні, вершы, нарысы, фельетоны, артыкулы, нататкі, зборнікі лірычных мініяцюр, выступленні, успаміны, пераклады), перапіскай, дакументамі да біяграфіі Я. Брыля (асабістыя дакументы, дакументы грамадскай, літаратурнай і дэпутацкай дзейнасці) і пра яго (артыкулы, нарысы, інтэрв’ю і інш.), калекцыяй фатаграфій.

 

1. Я. Брыль. 1970-я гг. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 2. Адз. зах. 456. Л. 6.
2. Я. Брыль. “Слёзы” (“Падкуты бот”=“Чалавек сабе ідзе”). Апавяданне. Варыянт. Аўтограф. 1942-1943 гг. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 2. Адз. зах. 12. Лл. 1-1адв.
3. Я. Брыль. “Партызанская сенажаць”. Верш. Аўтограф. Чэрвень 1944 г. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 2. Адз. зах. 42. Лл. 1-1адв.
4. Я. Брыль. “Напярэдадні”. Нататка. Газета “Сцяг свабоды”. 15 чэрвеня 1944 г. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 2. Адз. зах. 45. Лл. 4-4адв.
5. Я. Брыль сярод удзельнікаў Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ва Узбекістане. 23 красавіка 1966 г. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 3. Адз. зах. 497. Л. 1.
6. Я. Брыль у Індыі. 1967 г. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 3. Адз. зах. 532. Л. 4.
7. Я. Брыль падчас збору матэрыялаў для кнігі “Я з вогненнай вёскі…”. 1971-1973 гг. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 3. Адз. зах. 499. Лл. 1, 2.
8. М. Танк уручае Я. Брылю новы білет члена Саюза пісьменнікаў СССР. Студзень 1980 г. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 2. Адз. зах. 463. Л. 1.
9. Пасведчанне Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб прысваенні ганаровага звання “Народны пісьменнік БССР” Я. Брылю. 13 красавіка 1981 г. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 3. Адз. зах. 382. Лл. 1-2.
10. М. Мушынскі, Н. Гілевіч і Я. Брыль у БДАМЛМ на канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю А. Бабарэкі. Кастрычнік 1999 г.