Выстава «Жаночы твар Перамогі»

У ліпені 2022 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва распачала працу поўная версія выставы «Жаночы твар Перамогі», частка матэрыялаў якой экспанавалася на мемарыяльным вечары «Гістарычная памяць: Жаночы твар Перамогі» ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

На выставе прадстаўлены дакументы прадстаўніц творчых прафесій, дзяячак мастацтва, літаратуры і тэатра, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне і ўнеслі свой уклад у Перамогу. Гэта мастачка Соф’я Лі, пісьменніца Алена Васілевіч, вучоная-музыказнаўца Лідзія Мухарынская, оперныя спявачкі Ларыса Александроўская, Соф’я Друкер і Рыта Млодэк, балерына Тамара Узунава, актрысы Аляксандра Асторына, Вольга Галіна-Александроўская, Ірына Ждановіч, Раіса Кашэльнікава і Стэфанія Станюта.

Наведвальнікі выставы могуць азнаёміцца з дакументамі і матэрыяламі, якія адлюстроўваюць ваенны перыяд дзейнасці ўзгаданых асоб: фатаграфіі, афішы, запісы партызанскіх песень і вершаў, тэлеграмы і пісьмы, ордэнскія кніжкі, пасведчанні і даведкі, ганаровыя граматы і інш.

Выставачны праект арганізаваны ў межах мерапрыемстваў да Года гістарычнай памяці і 100-годдзя архіўнай службы Беларусі.