Дакументы Нацыянальнага архіва на святкаванні 100-годдзя з дня ўтварэння адвакатуры Рэспублікі Беларусь

7 ліпеня 2022 года ў рамках З’езду адвакатаў Беларусі Нацыянальны архіў адкрыў дакументальную выставу «Да 100-годдзя з дня ўтварэння адвакатуры Рэспублікі Беларусь».

26 чэрвеня 1922 года 3-я сесія Цэнтральнага Выканаўчага камітэта Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі пастанавіла ўтварыць пры Народным камісарыяце юстыцыі калегію абаронцаў па крымінальных і грамадзянскіх справах і прыняла Палажэнне аб адвакатуры. Менавіта дата прыняцця Палажэння аб адвакатуры на працягу многіх гадоў адзначаецца беларускімі адвакатамі ў якасці прафесійнага свята. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь выключна адвакаты маюць права ажыццяўляць прафесійную абарону правоў і інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб у судах. Вось ужо на працягу 100 гадоў беларускія адвакаты годна выконваюць задачы па абароне гонару і годнасці сваіх суграмадзян.

Сёння, мабыць, няма чалавека, які хоць бы раз у жыцці не карыстаўся паслугамі адваката. Гэта могуць быць юрыдычныя кансультацыі, абарона правоў у судзе, афармленне прававых дакументаў, складанне дагавораў і многае іншае.

На тэматычнай экспазіцыі, падрыхтаванай Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, прадстаўлены архіўныя дакументы, якія адлюстроўваюць працэс станаўлення і развіцця інстытута адвакатуры, калі органамі дзяржаўнай улады Беларусі ажыццяўляўся пошук прынцыпова новых форм арганізацыі крымінальнай абароны і аказання прававой дапамогі насельніцтву.

Нацыянальны архіў прадставіў на выставе такія ўнікальныя дакументы як: Палажэнне аб адвакатуры 1922 года, інструкцыі, загады Народнага Камісарыята юстыцыі, пратаколы Прэзідыума Усебеларускага аб’яднання калегій абаронцаў, пастановы Савета Міністраў Беларускай ССР, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб адвакатуры» і інш.

З дакументальнай экспазіцыяй азнаёміліся: намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Чупрыс В.І., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Старавойтаў М.М., старшыня Беларускай Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Швакоў А.І. і іншыя ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства.

Інстытут адвакатуры закліканы быць адным з асноўных гарантаў ўмацавання законнасці ў нашай краіне. Дзейнасць адваката накіравана на няўхільнае выкананне заканадаўства Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца выключна важнай для нашага грамадства. Усёй сваёй дзейнасцю адвакатура служыць прынцыпам законнасці, справядлівасці і гуманізму.