Круглы стол «Вайна ў лёсах і творчасці пісьменнікаў»

30 чэрвеня 2022 г. у Мемарыяльнай зале Дома літаратара прайшоў круглы стол «Вайна ў лёсах і творчасці пісьменнікаў», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Саюз пісьменнікаў Беларусі і газета «Літаратура і мастацтва».

Падчас працы круглага стала экспанавалася выстава «Мы жылі ў буднях барацьбы…», на якой былі прадстаўлены архіўныя матэрыялы з фондаў пісьменнікаў-франтавікоў Вісарыёна Гарбука, Пятра Валкадаева, Антона Алешкі, Міколы Лобана, Аляксея Карпюка, Міхася Лынькова, Паўла Кабзарэўскага, Аляксандра Астапенкі і інш. На стэндах былі размешчаны фрагменты дзённікаў і дзённікавых запісаў, фатаграфіі, старонкі рукапісаў, а таксама выданні ваеннага часу і першых пасляваенных гадоў.

У працы круглага стала прынялі ўдзел старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп, дырэктар выдавецтва «Четыре четверти» Ліліяна Анцух, паэт Іван Юркін, краязнавец і пісьменнік Валерый Чудаў, кандыдат гістарычных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Ермаловіч, паэтэса Таццяна Купрыянец, прадстаўнікі СМІ і іншыя.

Удзельнікі мерапрыемства абмяркоўвалі пытанні захавання творчай спадчыны пісьменнікаў, новыя ініцыятывы ў публікацыйнай справе дакументаў з асабістых архіўных фондаў пісьменнікаў, якія захоўваюцца ў БДАМЛМ.