У Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі адкрыла працу выстава «Паўстаўшая з попелу», прысвечаная адраджэнню беларускай сталіцы – горада Мінска пасля Вялікай Айчыннай вайны

3 ліпеня – гістарычна значная дата ў лёсе Рэспублікі Беларусь, якая стала для яе грамадзян сімвалам свабоды і міру. У гэты дзень сталіца дзяржавы – горад Мінск быў вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў.

Напярэдадні гэтай памятнай даты ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі адкрыла працу стацыянарная выстава «Паўстаўшая з попелу», прысвечаная адраджэнню горада Мінска пасля Вялікай Айчыннай вайны.

Наведвальнікі выставы могуць азнаёміцца з фотадакументамі якія ілюструюць разбурэнні атрыманыя горадам у час вайны, фіксуюць нялёгкія ўмовы жыцця жыхароў пасляваеннай сталіцы, паказваюць іх цяжкую, але такую радасную працу па аднаўленні Мінска.

Паралельна з працай сапёраў, будаўнікоў, дарожных рабочых ішла і напружаная праца такіх архітэктараў як М. І. Бакланаў, Г. У. Заборскі, У. А. Кароль, І. Р. Лангбард, Н. М. Макляцова, Л. Дз. Усава, Г. У. Сысоеў і многія іншыя.

Іх чарцяжы, эскізы, праекты рэканструкцыі горада таксама занялі годнае месца ў экспазіцыі.

З выставай можна азнаёміцца па адрасе г. Мінск, вул. Кірыллы і Мефодзія, 4.