Да 100-годдзя перакладчыка, празаіка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Пятра Францавіча Стэфановіча (1922-2006)
Пётр Францавіч Стэфановіч нарадзіўся 28 чэрвеня 1922 г. у вёсцы Сёмкаў Гарадок Мінскага раёна. Скончыў гімназію ў Ашмянах (1939). Першыя яго публікацыі з’явіліся ў ашмянскай раённай газеце «Знамя свободы» (1941), рэдактар якой запрасіў яго на пасаду літсупрацоўніка.
У час Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Тамбоўскую вобласць, адкуль быў прызваны ў армію. У 1942 г. скончыў курсы малодшых лейтэнантаў у Забайкальскай ваеннай акрузе і курсы «Выстрел» Міністэрства Узброеных Сіл СССР. Удзельнічаў у баях на Паўднёвым фронце. У 1943 г. быў паранены. Лячыўся ў Куйбышаўскім шпіталі. Восенню 1944 г. П. Стэфановіча адклікалі з Карэльскага фронту і накіравалі ў Войска Польскае, дзе служыў начальнікам аддзела штаба 10-й дывізіі пяхоты. Дэмабілізаваўся ў 1950 г.
Працаваў на розных будоўлях прарабам, інжынерам, галоўным інжынерам, начальнікам аддзела капітальнага будаўніцтва ў Мінскім аблвыканкаме (1950-1969), інжынерам у Беларускім аддзяленні Літфонда СССР (1969-1979), прымаў удзел у будаўніцтве Дома літаратара ў Мінску, праектаванні Дома творчасці «Іслач». Працаваў літрэдактарам у часопісе «Вожык» (1979-1984).
Член Саюза пісьменнікаў СССР (1990), член Саюза журналістаў Беларусі (1982). Узнагароджаны ордэнамі Айчьннай вайны II ступені і Чырвонай Зоркі, медалямі.
Памёр П. Стэфановіч 13 чэрвеня 2006 г.
Літаратурнай дзейнасцю П. Стэфановіч пачаў сістэматычна займацца з 1964 г. Перакладаў з польскай на беларускую і рускую мовы, з беларускай – на польскую. На польскую мову пераклаў кнігі для дзяцей: А. Лойкі «Дзе хто начуе», П.Марціновіча «Паспяшайся ў наш звярынец», А. Вольскага «Еду ў госці да слана», «Сцяпан – вялікі пан», І. Бурсава «Казкі, поўныя цудаў», В. Іпатавай «Казка пра Паўліна», В. Лукшы «Крылаты цэх». Перакладаў на беларускую і рускую мовы творы польскіх пісьменнікаў: Г. Гаворскага, А. Выджынскага, А. Дэмбінскага, Я. Зайдаля, К. Земскага, Я. Літана, Т. Ружэвіча, У. Смульскага, М. Шулецкай, Е. Эдыгея і інш. Склаў анталогіі «Ад Буга да Одры. Апавяданні польскіх пісьменнікаў», «Вясёлы калейдаскоп. Гумар і сатыра сучасных польскіх пісьменнікаў», «Мех со смехом», «Весёлый ункенд. Антологня народного еврейского юмора». Займаўся перакладамі твораў рускіх, украінскіх, македонскіх пісьменнікаў на беларускую мову. Пісаў нарысы, гумарэскі, скетчы, апавяданні.
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд Пятра Стэфановіча (№ 477), які прадстаўлены рукапісамі (пераклады твораў беларускіх, польскіх, рускіх, украінскіх, македонскіх пісьменнікаў; п’есы, скетчы, сцэнарыі, нарысы, артыкулы, гумарэскі і інш. П. Стэфановіча), перапіскай, дакументамі да біяграфіі, дакументамі пра П. Стэфановіча, матэрыяламі, сабранымі перакладчыкам для сваіх работ, калекцыяй фатаграфій.
![]() |
1. П. Стэфановіч. 1970-я гг. БДАМЛМ. Ф. 477. Воп. 1. Адз. зах. 225. Л. 2. |
![]() |
2. І. Шамякін. «Atlanty I kariatydy» («Атланты і карыятыды»). Раман у перакладзе П. Стэфановіча і Ю. Озгі-Міхальскага з беларускай мовы. Машынапіс з праўкай П. Стэфановіча. 1978 г. БДАМЛМ. Ф. 477. Воп. 1. Адз. зах. 1. Лл. 1-2. |
![]() |
3. Г. Бураўкін. «Elegia jesienna» («Асенняя элегія»). Верш у перакладзе П. Стэфановіча з беларускай мовы. Машынапіс. 1976 г. БДАМЛМ. Ф. 477. Воп. 1. Адз. зах. 25. Л. 2. |
![]() |
4. П. Пестрак. «List ze Szwajcarii» («Ліст са Швейцарыі»). Верш у перакладзе П. Стэфановіча з беларускай мовы. Аўтограф перакладчыка. 1976 г. БДАМЛМ. Ф. 477. Воп. 1. Адз. зах. 25. Лл. 8-9. |
![]() |
5. Э. Нізюрскі. «Незваные гости». П’еса ў перакладзе П. Стэфановіча з польскай мовы. Аўтограф. Перакладчыка. 1966 г. БДАМЛМ. Ф. 477. Воп. 1. Адз. зах. 76. Лл. 1, 5. |
![]() |
6. С. Янеўскі. «Партызаны з Караорману». Верш у перакладзе П. Стэфановіча з македонскай мовы. Машынапіс. 1980-я гг. БДАМЛМ. Ф. 477. Воп. 1. Адз. зах. 115. Л. 3. |
![]() |
7. П. Стэфановіч. «Зубны боль». Скетч. Варыянт. Аўтограф. 1975-1980 гг. БДАМЛМ. Ф. 477. Воп. 1. Адз. зах. 117. Лл. 4-5. |
![]() |
8. «Весёлый уикэнд. Антология народного еврейского юмора». Падборка анекдотаў, прытч, прыказак, прымавак да мяркуемага зборніка. Укладальнік П. Стэфановіч. Аўтограф. 1996 г. БДАМЛМ. Ф. 477. Воп. 1. Адз. зах. 131. Лл. 2, 7. |