23, 24 чэрвеня ў рамках праекта «Архівы-школе» у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча з удзельнікамі рэспубліканскага злёту пошукавых атрадаў (клубаў) «Мы – нашчадкі Перамогі»

Намеснік дырэктара архіва Алена Уладзіміраўна Кушнова павітала гасцей, распавяла аб структуры і асноўных напрамках работы архіва, а таксама мерапрыемствах, якія праводзяцца архівам у Год гістарычнай памяці.

У рамках сустрэчы навучэнцы наведалі фотадакументальную выставу, прысвечаную 95-годдзю Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Загадчык адзела фондаў асабістага паходжання Інэса Уладзіміраўна Дарагуш распавяла пра гісторыю архіва, складзе і асаблівасцях захоўвання дакументаў, працы архіва ў галіне публікацыйнай і выставачнай дзейнасці, а таксама магчымасці выкарыстання архіўных дакументаў у напісанні конкурсных даследчых работ.

Падчас экскурсіі вучні наведалі архівасховішча фондаў асабістага паходжання, дзе азнаёміліся з дакументамі дзяржаўных і партыйных дзеячаў, навукоўцаў Беларусі і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Пры наведванні архівасховішчаў фондаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны Інэса Уладзіміраўна правяла гутарку па гісторыі фарміравання партызанскага руху, а таксама аб дзеяннях акупацыйных уладаў супраць мірнага насельніцтва Беларусі. Гэтак жа юным краязнаўцам прадставілася магчымасць ажыццявіць пошук сваякоў, якія ўдзельнічалі ў Партызанскім і падпольным руху.