У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці і 100-годдзя архіўнай службы Беларусі, ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г. Глыбокае» 09.06.2022 праведзены круглы стол «Захоўваючы памяць пакаленняў»

Мерапрыемства прайшло ў чытальнай зале дзяржархіва. У ім прынялі ўдзел спецыялісты Дзяржархіва ў г. Глыбокае, дзяржаўных устаноў «Браслаўскі раённы архіў», «Докшыцкі раённы архіў», «Міёрскі раённы архіў», «Пастаўскі раённы архіў», «Шаркаўшчынскі раённы архіў».

У ходзе работы круглага стала ўдзельнікамі разгледжаны пытанні, якія датычацца дзейнасці архіўных устаноў па захаванні і папулярызацыі архіўнай спадчыны.

Адкрываючы пасяджэнне і вітаючы яго ўдзельнікаў, дырэктар Дзяржархіва ў г. Глыбокае Н.А.Баравік адзначыла актуальнасць тэматыкі, расказала пра гісторыю занальнага архіва. Міжнародны дзень архіваў, які адзначаецца 9 чэрвеня, гэта магчымасць у чарговы раз падкрэсліць важнасць захавання архіўнай дакументацыі, узгадаць старонкі гісторыі архіўных устаноў заходняга рэгіёна Віцебшчыны.

Аналіз практычнай працы быў прадстаўлены ў дакладах дырэктараў дзяржаўных архіўных устаноў А.Ф.Крумплеўскай («Браслаўскі раённы архіў»), В.М.Жыўлюк («Докшыцкі раённы архіў»), Т.І.Даргель («Міёрскі раённы архіў»), Т.В.Танканог («Шаркаўшчынскі раённы архіў»).

Даклад Т.М.Аўласавай, загадчыка аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Дзяржархіва ў г. Глыбокае, быў прысвечаны характарыстыцы дзейнасці Дзяржархіва ў г. Глыбокае ў сферы папулярызацыі дакументаў і рабоце з навучэнцамі.

Улічваючы, што міжнароднае мерапрыемства сёлета рэалізуецца пад лозунгам «Архівы – гэта вы», падчас дыскусіі прысутным было зададзена пытанне «Што азначае быць архівістам?». Грунтуючыся на сваім асабістым досведзе працы ў архіве, у абмеркаванні прынялі ўдзел глыбоцкія архівісты І.А.Грак, В.В.Каўбасіч, А.Ч.Юргель, вядучы архівіст установы «Пастаўскі раённы архіў» І.А.Татарчук.

У завяршэнні мерапрыемства для гасцей праведзена аглядная экскурсія.