Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Оршы» прадстаўляе віртуальную фотавыставу пад назвай «Галоўнае на свеце – гэта нашы дзеці!», прымеркаваную да Міжнароднага дня абароны дзяцей

Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Оршы» прадстаўляе Вашай увазе віртуальную фотавыставу пад назвай «Галоўнае на свеце – гэта нашы дзеці!», прымеркаваную да Міжнароднага дня абароны дзяцей.

На выстаўцы прадстаўлены фатаграфіі з альбома Аршанскага спецыяльнага дзіцячага дома № 12 за 1944-1962 гг., якія адносяцца да фонду Аддзела адукацыі Аршанскага раённага выканаўчага камітэта, г. Орша Віцебскай вобласці. Ф.681. Воп.1. Лл.1-28.

Пасля вызвалення г. Оршы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 г., у жніўні месяцы, быў арганізаваны Аршанскі спецыяльны дзіцячы дом, які размясціўся ў двух будынках. У дзіцячы дом паступалі дзеці загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны грамадзян. Для арганізацыі дзіцячага дома жыхарамі г. Оршы і прылеглых вёсак быў сабраны посуд і мэбля. Першы час дзеці жылі ў вельмі цяжкіх умовах, не хапала прадуктаў харчавання, адзення, абутку. Усе старэйшыя дзеці сумесна з выхавацелямі праводзілі нарыхтоўку дроў, якія ішлі на ацяпленне будынкаў дзіцячага дома. У цёплую пару года для дзяцей арганізоўваліся турыстычныя паходы, экскурсіі.

Вайна і ўсё, што з ёй звязана, нясе чалавеку няшчасце, смерць, разбурэнне, голад і нягоды. І перш за ўсё, церпяць ад вайны дзеці. Яна ўрываецца ў іх жыццё нечакана, часта пазбаўляе дома, родных і блізкіх, адымае бесклапотнае шчаслівае дзяцінства, матчыну ласку і каханне, рана прымушае сталець.

Міжнародны дзень абароны дзяцей гэта, перш за ўсё, напамін дарослым аб неабходнасці захавання правоў дзяцей на жыццё, на свабоду меркавання і рэлігію, на адукацыю, адпачынак і вольны час, на абарону ад фізічнага і псіхалагічнага насілля, на абарону ад эксплуатацыі дзіцячай працы як неабходных умоў для фарміравання гуманнага і справядлівага грамадства.