Курсы павышэння кваліфікацыі «Сучасныя падыходы да арганізацыі архіўнай справы ў Рэспубліцы Беларусь» для работнікаў абласных і занальных дзяржаўных архіваў прайшлі з 23 па 27 мая 2022 г.

З 23 па 27 мая 2022 г. на базе Факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі «Сучасныя падыходы да арганізацыі архіўнай справы ў Рэспубліцы Беларусь» для работнікаў абласных і занальных дзяржаўных архіваў.

У рамках курсаў прайшлі навучанне 18 работнікаў дзяржаўных архіваў з усіх рэгіёнаў рэспублікі, у тым ліку: з Брэсцкай вобласці – 3, з Віцебскай вобласці – 5, з Гомельскай вобласці – 4, з Гродзенскай вобласці – 3, з Мінскай вобласці – 2, з Магілёўскай вобласці – 1.

Лекцыі і практычныя заняткі праводзіліся спецыялістамі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Дэпартамент), прадстаўнікамі рэспубліканскіх архіўных устаноў, а таксама выкладчыкамі кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Праграма заняткаў уключала шэраг актуальных тэм, якія закранаюць пытанні тэорыі, методыкі і практыкі архіўнай працы («Адлюстраванне пытанняў забеспячэння захаванасці, навукова-даведачнага апарата ў асноўных паказчыках дзейнасці дзяржаўных архіўных установах», «Відавая прыналежнасць запытаў, якія паступаюць у дзяржаўныя архівы Рэспублікі Беларусь ад грамадзян і юрыдычных асоб», «Забеспячэнне архіўнага захоўвання электронных дакументаў», «Методыка стварэння электроннай публікацыі дакумента» і інш.).

24 мая 2022 г. на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) былі праведзены лекцыі па пытаннях працы архіваў і службаў ДЗК арганізацый.

Затым для работнікаў абласных і занальных дзяржаўных архіваў была арганізавана аглядная экскурсія і азнаямленне з практыкай работы НАРБ у рамках асноўных накірункаў дзейнасці з удзелам загадчыкаў структурных падраздзяленняў архіва.

Пасля экскурсіі адбылося пасяджэнне круглага стала па тэме «Сучасныя тэндэнцыі ў справаводстве і архіўнай справе», у рамках якога абмяркоўваліся актуальныя праблемы ў галіне арганізацыі работы з электроннымі дакументамі, кадравага забеспячэння галіны, бесперапыннага павышэння ўзроўню адукацыі архівістаў на працягу ўсёй працоўнай дзейнасці, асаблівасці работы па фандаванні дакументаў асабістага паходжання, асаблівасці падрыхтоўкі публікацый архіўных дакументаў з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій. У пасяджэнні прынялі ўдзел першы намеснік дырэктара Дэпартамента В.А.Ледаўская і дырэктар НАРБ А.К.Дземянюк.

Пасля завяршэння навучання 27 мая 2022 г. усе слухачы атрымалі пасведчанні аб праходжанні курсаў павышэння кваліфікацыі ўстаноўленага дзяржаўнага ўзору.

Работнікі абласных і занальных дзяржаўных архіваў высока ацанілі практычную значнасць курсаў, актуальнасць выбраных тэм вучэбнай праграмы і адзначылі важнасць такога прафесійнага навучання для ўмацавання кадравага патэнцыялу архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь.

Праца па павышэнні кваліфікацыі работнікаў дзяржаўных архіўных устаноў будзе працягнута.