У Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці пачала працаваць выстава «Ішла вайна народная», прысвечаная партызанам і падпольшчыкам Гродзеншчыны

У Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці пачала працаваць выстава «Ішла вайна народная», прысвечаная партызанам і падпольшчыкам Гродзеншчыны. Экспазіцыя падрыхтавана на аснове дакументальных матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архіве. Наведвальнікам выставы прадстаўлены дакументы партызанскіх брыгад і атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Васілішкаўскага, Радунскага, Шчучынскага, Скідзельскага, Дзятлаўскага раёнаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта зводкі Савінфармбюро, загады штабоў партызанскіх брыгад, справаздачы аб баявых дзеяннях, звесткі аб праведзенай дыверсійнай працы, рапарты, разведданясенні, прысягі партызан, звесткі аб баявым і лікавым складзе партызанскіх атрадаў і брыгад, спісы партызан, узнагародныя лісты, запісныя кніжкі, фатаграфіі, успаміны, лісты і аўтабіяграфіі ўдзельнікаў партызанскага і падпольнага антыфашысцкага руху.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама Рудая Вольга Тамашэўна і начальнік аддзела па архівах, загсах і іншых прававых пытаннях Забалотная Аліна Юзэфаўна.

Аб выставе быў зняты рэпартаж тэлерадыёкампаніяй «Гродна» і тэлерадыёвяшчальным каналам «Гродна Плюс» для навінавых праграм.