6 мая 2022 г., напярэдадні свята Перамогі, у Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі пачала працу выстаўка «Вінтоўкай і алоўкам» прысвечаная вядомым архітэктарам Рэспублікі Беларусь

6 мая 2022 г., напярэдадні свята Перамогі, у Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі пачала працу выстаўка «Вінтоўкай і алоўкам» прысвечаная вядомым архітэктарам Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя падрыхтавана на аснове дакументаў асабістага паходжання, якія захоўваюцца ў архіве.

Наведвальнікам выстаўкі прадстаўлены артыкулы, чарцяжы, малюнкі, эскізы, нататнікі, альбомы, успаміны, няздзейсненыя праекты архітэктараў, якія прайшлі ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны і ўнеслі істотны ўклад у аднаўленне, развіццё і рэканструкцыю беларускіх гарадоў і мястэчак.

Творчы і прафесійны лёс такіх архітэктараў як М. І. Бакланаў, Г. У. Заборскі, В. М. Волчак, Я. К. Дзятлаў, Г. У. Сысоеў, У. А. Кароль, Г. А. Парсаданаў, А. Э. Фрыдман, І. А. Станілевіч цесна пераплеўся з гісторыяй Беларусі. Многія з іх пачалі сваю прафесійную дзейнасць яшчэ да вайны. У чэрвені 1941 г. яны добраахвотнікамі пайшлі на фронт. Ваенны лёс кідаў будучых дзеячаў беларускай архітэктуры ў самыя жорны актыўнага супраціўлення нямецка-фашыскім захопнікам. Яны ваявалі, але ніхто з іх не забываў пра творчае прадвызначэнне не выпускаў з рук аловак, пакінуўшы тым самым для нашчадкаў унікальныя сведчанні паўсядзённасці ваеннага часу.

У снежні 1940 г. М. І. Бакланава з 4-га курса Харкаўскага інжынерна-будаўнічага інстытута прызвалі ў войска і неўзабаве ён быў накіраваны ў 17-ы асобны дывізіён аэрастатнай загароды пад г. Беласток. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны радавы Бакланаў ваяваў з фашыстамі, але ўжо ў ліпені 1941 г. патрапіў у палон. Да 1943 г. знаходзіўся ў лагерах для ваеннапалонных на тэрыторыі Польшчы. У сакавіку 1943 ажыццявіў пабег і ўступіў у партызанскую брыгаду «Народныя мсціўцы». За актыўны ўдзел у баях з акупантамі ён быў узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені. Пасля вызвалення Беларусі Міхаіла Бакланава ў жніўні 1944 г. накіравалі на працу ў архітэктурна-планіровачную майстэрню Упраўлення па справах архітэктуры пры СНК БССР.

Ужо ў першыя дні вайны Г. У. Заборскі пайшоў на фронт добраахвотнікам, але ў баях пад Смаленскам быў цяжка паранены і апынуўся ў шпіталі ўральскага мястэчка Траецка, дзе выканаў шэраг праектаў-эскізаў помнікаў, прысвечаных гераічнай перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, якія сталі асновай будучага помніка-манумента «Перамогі». (1941 1942). Пасля вайны вярнуўся ў Беларусь і актыўна ўдзельнічаў у рабоце па адраджэнні разбураных гарадоў і вёсак. Браў актыўны ўдзел у распрацоўцы праектаў планіроўкі і забудовы Мінска, Полацка, Оршы, а таксама ў праектаванні плошчаў Мінска: Леніна (Незалежнасці), Цэнтральнай (Кастрычніцкай), Круглай (Перамогі). У 1950 г. займаўся праектаваннем жылой забудовы па вуліцы Леніна ў Мінску. У гэты ж час ім былі створаны праекты Сувораўскага вучылішча і будынкі ЦК ЛКСМБ. У 1954 г. па яго праекце быў адкрыты помнік-манумент на плошчы Перамогі.

У пачатку вайны В. М. Волчак быў эвакуіраваны ва Узбекскую ССР. З 1943 г. удзельнік баявых дзеянняў. Ваяваў пад Сталінградам, на Курскай дузе, удзельнічаў у фарсіраваніі Дняпра; вызваляў Беларусь, Польшчу, Усходнюю Германію і Чэхаславакію. Як сведчанні ваенных гадоў, вялікую каштоўнасць уяўляюць франтавыя малюнкі, фатаграфіі аднапалчан, лісты жонцы з фронту.

Калі пачалася вайна Я. К. Дзятлаву было 19 гадоў. З 1942 па 1944 гг. быў актыўным удзельнікам партызанскага атрада «Полымя». Марачы пасля вайны стаць архітэктарам (мара ажыццявілася ў 1950 годзе), ён пастаянна займаўся маляваннем. Малюнкі, зробленыя ім у 1942 1944 гг. адлюстроўваюць партызанскі побыт, партрэты сяброў-партызанаў, салдата Чырвонай Арміі і інш.

Асабістыя дакументы заслужанага архітэктара БССР Г. В. Сысоева расказваюць пра яго цяжкі лёс, у той час валагодскага школьніка, які пайшоў добраахвотнікам на фронт.

У ліпені 1941 г. У. А. Кароль уступіў у народнае апалчэнне і ў якасці памочніка ваеннага інжынера дывізіі прымаў удзел у абароне Ленінграда. У лістападзе 1941г яго адклікалі з фронту на працу ва Усерасійскую акадэмію мастацтваў, а ў 1942г. эвакуіраваны ў Сярэднюю Азію ў г. Самарканд разам з супрацоўнікамі і студэнтамі акадэміі, дзе працаваў дырэктарам мастацкай школы (1943 1945). Дакументы архіўнага фонду народнага архітэктара СССР У. А. Караля, дазваляюць прасачыць гісторыю аднаўлення разбураных беларускіх гарадоў і вёсак, стварэння першых генеральных планаў Мінска, абласных і раённых цэнтраў рэспублікі.

У 1939 г. Г. А. Парсаданаў быў мабілізаваны ў армію і прызначаны памочнікам начальніка штаба 10-га асобнага мотаінжынернага батальёна пры штабе 10-й арміі Беларускай асобнай ваеннай акругі. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. У лістападзе 1940 г вярнуўся ў Белдзяржпраект, але ў лютым 1941г. рашэннем сакратара ЦК КП(б)Б накіраваны на працу ў Ваенна-праектны інстытут, дзе праектаваў ваенныя аэрадромы. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны Г. А Парсадаў сустрэў у Мінску. У чэрвені 1941г ён быў прызначаны камандзірам асобай роты пры каменданце штаба Заходняга фронту. З мая 1942 г. па верасень 1945г камандаваў 126-м асобым мостабудаўнічым батальёнам у штабах розных франтоў. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі «За працоўныя заслугі», «За абарону Масквы», «За ўзяцце Будапешта», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай Вайне 1941 1945 гадоў». Дзень Перамогі Георгій Арцёмовіч сустрэў у Вене. У жніўні 1945 г. Г. А. Парсаданаў быў адкліканы з арміі як каштоўны спецыяліст для працы па аднаўленні разбураных вайной беларускіх гарадоў. Рабочай групе, у якую ён уваходзіў, была пастаўлена задача распрацаваць праект новага генеральнага плана сталіцы БССР г. Мінска (1946).

У 1939 г. А. Э. Фрыдман, пасля заканчэння Усерасійскай акадэміі мастацтваў працаваў галоўным архітэктарам г. Магілёва. У 1940 годзе яго прызвалі ў армію. Вялікую Айчынную вайну сустрэў у зенітных артылерыйскіх часцях пад Масквой. Узнагароджаны медалямі «За абарону Масквы», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 1945 гг.».