З павагай і падзякай успамінаем Балабановіча Міхаіла Іосіфавіча, які працаваў дырэктарам Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Лідзе больш за 10 гадоў

У год 100-годдзя архіўнай службы Беларусі і напярэдадні 90-гадовага юбілею з павагай і падзякай успамінаем Балабановіча Міхаіла Іосіфавіча, які працаваў дырэктарам архіва больш за 10 гадоў – з 1 чэрвеня 1984 года па 30 верасня 1995 года.

Балабановіч Міхаіл Іосіфавіч, ветэран Узброеных сіл, падпалкоўнік у адстаўцы, нарадзіўся 9 мая 1932 г. у вёсцы Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Шчаслівае дзяцінства скончылася ў чэрвені 1941 гады – з першых дзён фашысцкай акупацыі. У лістападзе 1941 года фашысты поўнасцю спалілі яго родную вёску. З гэтага страшнага, трагічнага дня сям’і Міхаіла Іосіфавіча прыйшлося бадзяцца па ацалелых беларускіх вёсках у пошуках прытулку. У 1944-м, пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сям’я пераехала на сталае месца жыхарства ў вёску Турэц Карэліцкага раёна. У 1951 годзе Міхаіл Іосіфавіч скончыў 10 класаў Турэцкай сярэдняй школы і ў гэтым жа годзе быў прызваны ў рады Савецкай Арміі, накіраваны на вучобу ў 1-е Ленінградскае артылерыйскае вучылішча.

Пасля заканчэння вучылішча ў 1954 годзе Міхаіл Іосіфавіч быў накіраваны для праходжання службы ў групу савецкіх войскаў у ГДР, у 38-ю гвардзейскую гарматна-артылерыйскую брыгаду 34-й гарматна-артылерыйскай дывізіі Рэзерва Вярхоўнага Галоўнага Камандавання (РВГК), якая дыс горадзе Патсдаме. Службу за мяжой праходзіў у перыяд з 1954 да 1959 года. Член КПСС з ліпеня 1955 года. У 1959 годзе была пераведзена ў Беларускую ваенную акругу. У ваеннай біяграфіі Міхаіла Іосіфавіча былі многія воінскія часці, гарады, пасёлкі.

У 1964 годзе паступіў і ў 1969 годзе скончыў Ваенна-палітычную акадэмію імя У.І. Леніна. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і дзевяццю медалямі за службу ва Узброеных Сілах. У сакавіку 1979 года дэмабілізаваўся з шэрагаў Узброеных Сіл.

Пасля звальнення з Узброеных Сіл працоўная біяграфія Міхаіла Іосіфавіча не скончылася. Пяць гадоў ён працаваў начальнікам аддзела кадраў Лідскага малочнакансервавага камбіната, узначальваў пярвічную партыйную арганізацыю.

З 1 чэрвеня 1984 года па рэкамендацыі Лідскага гаркама КПБ назначаны дырэктарам філіяла дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці ў г. Лідзе. У 1986 годзе Міхаіл Іосіфавіч завочна скончыў аднагадовыя курсы пры Маскоўскім дзяржаўным гісторыка-архіўным інстытуце на факультэце архівазнаўства. Шмат зрабіў па ўмацаванні матэрыяльнай базы філіяла, яго тэхнічнаму абсталяванню, удасканаленню камплектавання філіяла, праводзіў вялікую працу па забеспячэнні захаванасці дакументаў, паляпшэнні арганізацыі справаводства і архіўнай справы ў арганізацыях зоны камплектавання архіва. Быў дасведчаным, паважаным кіраўніком.

З вялікай павагай да яго ставяцца супрацоўнікі ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Лідзе». І пасля сыходу Міхася Іосіфавіча на заслужаны адпачынак калектыў архіва яго не забывае. Ужо склалася добрая традыцыя віншаваць 9 мая Міхаіла Іосіфавіча з днём нараджэння і Днём Перамогі.

Сёлета Міхаіл Іосіфавіч адзначыць свой 90-гадовы юбілей. Мы ад усёй душы віншуем юбіляра з днём нараджэння. Жадаем яшчэ доўгія гады заставацца ў страі, аптымізме і жыццялюбстве, падтрымкі родных і блізкіх.