14 красавіка 2022 г. спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння Сяргея Дзмітрыевіча Філімонава, кандыдата архітэктуры, дацэнта, аднаго з аўтараў «ПАЛАЦА СПОРТУ» ў г. Мінску

На сайце Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі апублікаваны матэрыялы выставы, прысвечанай 85-годдзю з дня нараджэння Сяргея Дзмітрыевіча Філімонава вядомага беларускага архітэктара.

Сяргей Дзмітрыевіч прымаў удзел у забудове беларускай сталіцы, спраектаваў спарткомплекс «Дынама» ў раёне Камсамольскага возера (1995), корпус архітэктурна-будаўнічага тэхнікума на вул. Зм. Бядулі і 108-кватэрны жылы дом па вул. Чарвякова ў г. Мінску (1971); «Палац культуры» ў г. Салігорску (1968); актавую залу на 1000 месцаў для Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (1962), гасцініцу «Гарызонт» (1980) і 64-кватэрны жылы дом у г. Баранавічах (1979). Увогуле ім было спраектавана 40 будынкаў і комплексных збудаванняў. 20 з яго праектаў знайшлі сваё ўвасабленне ў камні [Ф. 232, воп. 1, спр. 64, ст. 1].

Найбольш вядомым праектам С.Д. Філімонава стаў «Палац спорту» размешчаны па адрасе г. Мінск, пр. Пераможцаў, 4.

Палац спорту ў г. Мінску стаў заўважнай з’явай у савецкай архітэктурнай практыцы. Яго праект паўторна ажыццёўлены ў гарадах: Чэлябінску (1967), Валгаградзе (1974), Днепры, паслужыў прататыпам Палаца спорту ў г. Вільнюсе.

Працу ў архітэктурна-канструктарскай майстэрні С. Д. Філімонаў паспяхова сумяшчаў з выкладчыцкай дзейнасцю ў Беларускім політэхнічным інстытуце, у якім з 1973 г. загадваў кафедрай «Архітэктура». Ім было падрыхтавана 50 спецыялістаў-архітэктараў [Ф. 232, воп. 1, спр. 64, ст. 2]. Дыпломныя праекты яго студэнтаў былі адзначаны на Усесаюзных аглядах і конкурсах [Ф. 232, воп. 1, спр. 64, ст. 2].

Паралельна з выкладчыцкай работай Сяргей Дзмітрыевіч удзельнічаў і ў навуковых даследаваннях па асобных архітэктурных тэмах, прысвечаных праблемам архітэктуры жылых і грамадскіх заданняў у горадзе, і ў вёсцы, іх рэканструкцыі. Удзельнічаў у творчых конкурсах, міжнародных семінарах, нарадах і кангрэсах [Ф. 232, воп. 1, спр. 64, ст. 2].

С. Д. Філімонаў з’яўляецца аўтарам 72 навуковых артыкулаў. Яго манаграфіі: «Архітэктура ўніверсальных відовішчна-спартыўных залаў» (1980) і «Архітэктура грамадскіх будынкаў Беларусі» (1985) і ў нашы дні запатрабаваны студэнтамі якія вывучаюць архітэктуру.

Фотадакументы з фонду асабістага паходжання «Філімонаў С.Д.» ілюструюць яго навуковую, службовую і грамадскую дзейнасць.

Матэрыялы выставы даступны ТУТ.