31 сакавіка 2022 г. адбылося паседжанне міжнароднага круглага стала «Архівы і школа: захаванне мінулага для будучыні»

31 сакавіка 2022 г. у анлайн фармаце прайшло паседжанне міжнароднага круглага стала «Архівы і школа: захаванне мінулага для будучыні». Суарганізатарамі круглага стала выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (далей – БДУ) і Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Дэпартамент).

У навуковым форуме прынялі ўдзел кіраўнікі і работнікі дзяржаўных архіўных устаноў, студэнты і выкладчыкі гістарычнага факультэта БДУ, прадстаўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Праблемнае поле круглага стала ахоплівала пытанні, звязаныя з пашырэннем супрацоўніцтва архіўных і навучальных устаноў у частцы ўдасканалення метадычнай і практычнай дзейнасці па ўключэнні дакументальных матэрыялаў у адукацыйныя і выхаваўчыя працэсы.

Да ўдзельнікаў пасяджэння звярнуліся дырэктар Дэпартамента В.І.Кураш, дэкан гістарычнага факультэта БДУ А.Г.Каханоўскі, загадчык кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ С.М.Ходзін, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Д.У.Яцэвіч.

Дырэктар Дэпартамента падкрэсліў, што дзяржаўныя архівы Беларусі сёння ўдзяляюць асабліва пільную ўвагу інфармацыйна-асветніцкай рабоце з моладдзю, удзелу ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

Кураш В.І. адзначыў, што ў 2022 годзе Дэпартаментам праведзена работа па пашырэнні выкарыстання архіўных інтэрнет-праектаў у адукацыйных працэсах, па выніках якой спецыялістамі Міністэрства адукацыі былі падрыхтаваны адпаведныя метадычныя рэкамендацыі і накіраваны ў адрас галоўных упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, а таксама размешчаны ў адкрытым. доступе на Нацыянальным адукацыйным партале.

Дырэктар Дэпартамента таксама звярнуў увагу ўдзельнікаў круглага стала на тое, што ў Год гістарычнай памяці і 100-годдзя архіўнай службы Беларусі пачалася рэалізацыя рэспубліканскай акцыі “Архівы – школе”, якая прадугледжвае рэгулярнае правядзенне архівістамі інфармацыйна-асветніцкіх і адукацыйных мерапрыемстваў для вучняў. Указаныя мерапрыемствы арганізуюцца як на базе архіваў (у формах выставак, экскурсій, практычных заняткаў), так і на базе ўстаноў адукацыі (у формах лекцый, семінараў, адкрытых урокаў). За перыяд студзеня-сакавіка 2022 года пад эгідай акцыі праведзена больш за 50 мерапрыемстваў у розных кутках рэспублікі.