Сустрэча са студэнтамі-магістрантамі філалагічнага факультэта БДУ ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва

24 сакавіка 2022 г. адбылася сустрэча супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі са студэнтамі-магістрантамі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (кіраўнік Лук’янава Таццяна Валер’ўна).

Дырэктар архіва-музея Г.В. Запартыка нагадала пра важнейшыя праекты – Год гістарычнай памяці і 100-годдзе архіўнай службы Беларусі – і расказала пра дзейнасць архіва-музея, яго дакументы і фонды як крыніцы гістарычнай памяці народа. Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў В.В. Жыбуль правёў экскурсію па выставе “З сусветам тады загаворыш!..”, прысвечанай літаратурнаму згуртаванню “Узвышша” і гісторыі беларускай літаратуры 1920-х гг. Студэнтам былі прадэманстрыраваны арыгіналы архіўных дакументаў, выданні і музейныя экспанаты.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі А.М. Запартыка правёў для студэнтаў-магістрантаў экскурсію па архіўным будынку – адным са старэйшых архітэктурных помнікаў г. Мінска па вул. Кірылы і Мяфодзія, 4 – былым касцёле бернардзінцаў.