У сакавіку 2022 года адбыўся «зорны паход» курсантаў Віцебскага кадэцкага вучылішча па мясцінах партызанскай славы Віцебшчыны

У сакавіку 2022 г. адбыўся «зорны паход» навучэнцаў Віцебскага кадэцкага вучылішча па месцах партызанскай славы Віцебскага раёна пад кіраўніцтвам вядомага віцебскага краязнаўцы, выкладчыка кадэцкага вучылішча, кандыдата гістарычных навук М.В. Півавара. Працягласць маршрута склала каля 27 км. Паход быў прымеркаваны да 80-годдзя подзвігу Героя Савецкага Саюза Міхаіла Фёдаравіча Сільніцкага, які загінуў у сакавіку 1942 г. у баі супраць фашысцкіх карнікаў каля в. Платы.

У мерапрыемстве прыняў удзел загадчык аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці У.П. Каханка.

Паход ажыццяўляўся ў рамках правядзення шэрагу мерапрыемстваў, звязаных з Годам гістарычнай памяці.

Маршрут прадугледжваў наведванне памятных мясцін, звязаных з імем героя: месца базіравання штаба партызанскай брыгады імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола (брыгады Д.Ф. Райцава) ля в. Хамякова, месца бою партызан з фашысцкімі карнікамі, у якім гераічна загінуў М.Ф. Сільніцкі ля былой в. Платы, а таксама месца яго пахавання ў в. Курына.

Удзельнікі экспедыцыі традыцыйна надавалі ўвагу лакалізацыі пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, выяўленых на аснове аналізу архіўных звестак і размоў жыхарамі Курынскага сельсавета. У прыватнасці, было лакалізавана месцазнаходжанне не адзначанага дагэтуль у гістарычных крыніцах пахавання партызана Л.А. Шляхто, які загінуў у 1942 г.

Пасля наведвання памятных мясцінаў кадэты азнаёміліся з экспазіцыяй музея Курынскай базавай школы, а таксама з этнаграфічным кутком, створаным у мясцовай бібліятэцы.