Прэзентацыя зборніка дакументаў і матэрыялаў «Без тэрміна даўнасці. Гродзенская вобласць» у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы

16 лютага 2022 г. у Г/b>родзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя чацвёртай кнігі з серыі «Без тэрміну даўнасці» аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усяго ў рамках названай серыі будзе апублікавана шэсць кніг – па кожнай вобласці рэспублікі ў сучасных межах. Ужо ўбачылі свет кнігі па Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. У бліжэйшы час будзе апублікавана кніга па Брэсцкай вобласці, а завяршаць серыю будзе том па г. Мінску і Мінскай вобласці.

У прывітальным слове рэктар Гродзенскага ўніверсітэта кандыдат гістарычных навук, дацэнт І.Ф. Кітурка расказала аб важнасці ўвядзення ў навуковы абарот дакументаў аб злачынствах нацыстаў супраць мірнага насельніцтва. Яна адзначыла той факт, што асобы статус Вялікай Айчыннай вайны прапанавана замацаваць у Канстытуцыі нашай рэспублікі, рэферэндум па якой адбудзецца 27 лютага.

Намеснік пракурора Гродзенскай вобласці А.М. Скурат расказаў аб рабоце абласной пракуратуры па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады вайны. Ён адзначыў, што выяўлены новыя факты масавага знішчэння насельніцтва ўжо ў першыя тыдні вайны, а таксама распавёў аб праведзеных раскопках на месцах масавых знішчэнняў.

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Ю.Х. Караеў у сваім выступленні падкрэсліў важнасць працы і архівістаў, і работнікаў пракуратуры па вывучэнні злачынстваў нацыстаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама неабходнасць беражлівых адносін да гістарычнай памяці і гістарычнай праўды.

Дырэктар фонду «Гістарычная памяць» (г. Масква) А.Р. Дзюкаў расказаў аб рэалізацыі праекта “Без тэрміну даўнасці” ў Расіі, дзе падрыхтаваны 23 зборнікі дакументаў па кожнай з абласцей РСФСР, якая знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

Дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ) А.К. Дземянюк у сваім дакладзе спыніўся на важнасці рэалізацыі гэтага праекта як для архіўнай галіны, так і для беларускай гістарыяграфіі ў цэлым. Ён падкрэсліў, што праект фактычна стаў агульнаархіўным. У ім прынялі ўдзел Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў і усе абласныя дзяржаўныя архівы. Вялікую каардынацыйную работу ажыццяўляе Дэпартамент па архівах і справаводстве рэспублікі Беларусь. Андрэй Канстанцінавіч падкрэсліў, што тэма Вялікай Айчыннай вайны – магістральная ў публікацыйнай рабоце архіва. Толькі за апошнія дзесяцігоддзі ўбачылі свет больш за 50 выданняў (зборнікі, манаграфіі, альбомы і інш.) па розных аспектах гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У канцы выступлення А.К. Дземянюк уручыў зборнікі дакументаў удзельнікам мерапрыемства, а таксама перадаў рэктару копіі дакументаў аб аднаўленні працы ўніверсітэта ў 1944 г. Ва ўрачыстай абстаноўцы ён таксама ўручыў Падзяку Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь за актыўнае супрацоўніцтва і папулярызацыю дакументаў па найноўшай гісторыі нашай дзяржавы дэкану факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы кандыдату гістарычных навук, дацэнту Віктару Аляксандравічу Белазаровічу.

Аб падрыхтоўцы зборніка па Гродзенскай вобласці, складзе дакументаў і іх інфарматыўнасці расказаў загадчык аддзела публікацый НАРБ кандыдат гістарычных навук С.В. Кулінок. Ён таксама адказаў на пытанні прысутных на мерапрыемстве.

Прафесар, доктар гістарычных навук Э.С. Ярмусік расказаў аб падрыхтоўцы гістарычнай прадмовы для зборніка, а таксама аб рабоце студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі па вывучэнні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У прэзентацыі зборніка прынялі ўдзел прадстаўнікі абласнога выканкама і ваеннага камісарыята, рэдактары СМІ рэгіёна, кіраўнікі архіўных устаноў, студэнты і выкладчыкі ВНУ.

Інфармацыю падрыхтаваў загадчык аддзела публікацый С.В. Кулінок

Публікацыі аб падзеі:

«Гродзенская праўда»

Сайт Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы

«Перспектыва»