Аб праведзеным мерапрыемстве ў рамках акцыі “Архівы — школе»

9 лютага 2022 года загадчык аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Рэчыцы М. В. Закаўраш і вядучы археограф аддзела С. А. Жарносенка ў рамках акцыі «архівы — школе» правялі лекцыю «Валенцік Дзмітрый Данілавіч — ваенны лётчык, Герой Савецкага Саюза» на інфармацыйнай гадзіне ў сярэдняй школе № 11 г. Рэчыцы.

Супрацоўнікі архіва сустрэліся з навучэнцамі 9 класа ў зале школьнай бібліятэкі. Яны распавялі навучэнцам пра жыццё і ўдзел у савецка-фінскай, Вялікай Айчыннай і савецка-японскай войнах ваеннага лётчыка, Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Валенціка (1907 — 1969), з дня нараджэння якога 23 лютага споўніцца 115 гадоў. Да ведама моладзі былі данесены не толькі агульныя біяграфічныя дадзеныя, але і асобныя эпізоды з ваенных старонак Дзмітрыя Данілавіча, што дазваляла школьнікам больш дэталёва даведацца пра героя як пра чалавека і ваяра. Па завяршэнні аповеду выступоўцы адказалі на пытанні, якія паступілі, пасля чаго дзевяцікласнікі азнаёміліся з прадстаўленымі на лекцыі дакументамі з асабістага фонду Дзмітрыя Валенціка, якія знаходзяцца на пастаянным захоўванні ў Рэчыцкім дзяржархіве.

Акрамя таго, архівісты праінфармавалі аўдыторыю аб тым, што ў цяперашні час у Гомельскай вобласці праходзіць першы этап конкурсу «Юны архівіст» для навучэнцаў 8-11 класаў, арганізаваны Галоўным упраўленнем адукацыі, галоўным упраўлення юстыцыі і Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама. Яны прапанавалі рабятам паспрабаваць свае сілы ў складанні даследчых работ для конкурсу аб гістарычных падзеях, якія адбываліся на Гомельшчыне, а таксама выказалі гатоўнасць прадаставіць у карыстанне для гэтай мэты архіўныя і гістарычныя дакументы, наяўныя ў архіве.