Адкрыццё выставы, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння архітэктара Усавай Л.Д.
У Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі адкрылася выстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння архітэктара Усавай Любові Дзмітрыеўны (06.09.1921 – 02.01.2015).
Усава Л.Д. нарадзілася ў Іркуцку, скончыла Маскоўскі архітэктурны інстытут у 1947 годзе, пасля чаго прыехала на працу ў г. Мінск, дзе ўдзельнічала ў аднаўленні разбуранага вайной горада. Праектавала Тэатр юнага гледача, будынак абкама і гаркама КПБ (сумесна з А.П.Воінавым), галоўны корпус БПІ (БНТУ) (сумесна з Л.Н.Рымінскім).
Любоў Дзмітрыеўна выканала шэраг работ па прывязцы і рэканструкцыі школ, дзіцячых садкоў, праектавала жылыя дамы ў раёне Прывакзальнай плошчы (сумесна з В.І. Герашчанка), для рабочых Мотавелазавода, жылыя кварталы заводаў электрашчытоў і запчастак і многае іншае.
Адной з любімых работ таленавітага архітэктара была рэканструкцыя дзіцячага парка імя Горкага.
За сваю творчую дзейнасць архітэктар Л.Д.Усава неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі Вярхоўнага Савета БССР, ганаровымі граматамі і граматамі інстытута «Мінскпраект», Саюза архітэктараў СССР і БССР. У 1989 годзе Любоў Дзмітрыеўна занесена ў кнігу гонару інстытута «Мінскпраект».
На выставе прадстаўлены дакументы з асабістага фонду Усавай Л.Д.: фотаздымкі, малюнкі, эскізныя праекты, планы, успаміны архітэктара аб працы і жыцці ў пасляваенным Мінску.