Прэзентацыя кнігі «Мы жылі ў буднях барацьбы…»

1 ліпеня 2020 г. у папулярным сёння фармаце відэаканферэнцыі адбылася прэзентацыя кнігі “Мы жылі ў буднях барацьбы…”, якую, нагадаем, склалі ваенныя дзённікі пісьменнікаў Міколы Лобана, Антона Алешкі, Пятра Валкадаева і Вісарыёна Гарбука, падрыхтаваныя да публікацыі супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Укладальніца выдання, аўтарка прадмовы, уступных артыкулаў і каментарыяў Ганна Запартыка расказала пра лёс кожнага з пісьменнікаў і месца вайны ў яго біяграфіі, а таксама пра сам феномен ваеннага дзённіка: як вядома, рабіць асабістыя запісы ў ваенных умовах было вельмі праблематычна, таму кожны з такіх дзённікаў ужо сам па сабе з’яўляецца надзвычай унікальным дакументам. Потым з віншавальнымі словамі і развагамі пра месца ваенных дзённікаў у гістарычна-архіўных даследаваннях выступілі дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк, кандыдаты гістарычных навук Святаслаў Кулінок і Міхаіл Шумейка.

У прыватнасці, С. Кулінок адзначыў, што ў дзённікавых запісах П. Валкадаева сустракаюцца звесткі, якіх няма ў вядомых працах па гісторыі партызанскага руху, а ўвогуле дзённікі ўяўляюць каштоўнасць як для гісторыкаў, так і для філолагаў, бо могуць, напрыклад, вывучацца ў кантэксце ваеннай прозы гэтых пісьменнікаў.

З выхадам кнігі супрацоўнікаў БДАМЛМ павіншавалі таксама калегі з Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, у фондах якога таксама захоўваецца багата дакументаў і асабістых рэчаў пісьменнікаў-франтавікоў.

Спадзяемся, што кніга “Мы жылі ў буднях барацьбы…”, ужо даступная ў кнігарнях і бібліятэках, знойдзе сваіх удзячных чытачоў і даследчыкаў.

Віктар Жыбуль,
вядучы навуковы супрацоўнік
аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў
Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва