14 і 16 мая 2019 г. адбыўся навукова-практычны семінар «Справаводства ў арганізацыях. Камплектаванне дзяржаўных архіваў»

14 і 16 мая 2019 г. Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і ўстанова «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» (БелНДІДАС) правялі навукова-практычны семінар для кіраўнікоў і работнікаў рэспубліканскіх, абласных і занальных дзяржаўных архіваў па тэме «Справаводства ў арганізацыях. Камплектаванне дзяржаўных архіваў».

З дакладамі і паведамленнямі на семінары выступілі дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В. І. Кураш, начальнік аддзела справаводства і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Дэпартамента Л.М.Цымбал, кансультант аддзела забеспячэння захаванасці і дзяржаўнага ўліку Дэпартамента Ю.А.Задзіран, дырэктар БелНДІДАС А.Я.Рыбакоў. Усяго ў рабоце семінара прынялі ўдзел больш за 60 чалавек.

У рамках пазначанай тэматыкі ўдзельнікі семінара абмеркавалі пытанні, звязаныя з перспектыўнымі напрамкамі ўдасканалення заканадаўства і практыкі працы дзяржаўных архіваў, спецыфікай стварэння, афармлення і захоўвання дакументаў у электронным выглядзе і электронных дакументаў, асаблівасцямі правядзення экспертызы каштоўнасці дакументаў у арганізацыях і дзяржаўных архівах, спецыфікай пабудовы дагаворных адносін дзяржаўных архіваў і недзяржаўных арганізацый і інш.

Удзельнікі семінара станоўча ахарактарызавалі праведзеныя мерапрыемствы, адзначылі іх практычную карыснасць і выказалі падзяку арганізатарам.