Прэзентацыя літаратурна-дакументальнай выставы «Іду да вершаў пешшу…» у БДАМЛМ

 

28 жніўня 2026 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылася прэзентацыя літаратурна-дакументальнай выставы «Іду да вершаў пешшу…», прысвечанай 90-годдзю паэта і грамадскага дзеяча Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна.

У сценах архіва-музея, каб засведчыць павагу і добрую памяць пра выдатнага майстра слова і знакавую постаць айчыннай культуры, сабраліся паэты, акцёры, навукоўцы і іншыя прыхільнікі яго творчасці.

З вітальным словам выступіла дырэктар БДАМЛМ Алена Макаранка. Яна адзначыла знакавасць асобы Генадзя Бураўкіна, а таксама падкрэсліла наяўнасць багатага асабістага фонду паэта, што захоўваецца ў архіве-музеі.

Галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран распавяла пра сталы інтарэс выдання да асобы і творчасці Генадзя Бураўкіна, прасачыла развіццё навуковай і папулярнай думкі аўтараў часопіса за апошнія дзясяткі гадоў, адзначыла актуальнасць вывучэння творчасці паэта, прэзентавала новы нумар «Роднага слова», цалкам прысвечаны Генадзю Мікалаевічу. Вераснёўскі часопіс вось-вось выйдзе з друку.

Галіна Левіна падзялілася з прысутнымі ўспамінамі пра сяброўскія стасункі знакавых творцаў свайго часу – паэта Генадзя Бураўкіна і архітэктара Леаніда Левіна. Галіна Леанідаўна перадала ў фонды БДАМЛМ кнігу свайго бацькі «Мгновения» (2013), якую рэдагаваў Генадзь Мікалаевіч.

Сяргей Шапран – даследчык, аўтар і ўкладальнік шматлікіх кніг, прысвечаных многім дзеячам беларускай літаратуры, у тым ліку Генадзю Бураўкіну, – распавёў пра сяброўства з паэтам, а таксама расказаў шчымлівую гісторыю выдання яго апошняй прыжыццёвай кнігі «Нагаварыцца з зоркамі» (2014), якую, дзякуючы намаганням сяброў, Генадзь Мікалаевіч паспеў патрымаць у руках. Асобнік быў надрукаваны за адну ноч у адным экземпляры. Сяргей Шапран перадаў у фонды БДАМЛМ як тое выданне, так і многія іншыя. На вечарыне фонды архіва-музея папоўніліся яшчэ дзвюма кнігамі, якія выйшлі адмыслова да 90-годдзя паэта. Гэта перавыданне кнігі «Нагаварыцца з зоркамі» (2026), а таксама «Пражытае-напісанае» (2026). Сюрпрызам для прысутнага на вечарыне Сяргея Зуёнка быў падарунак для яго бацькі Васіля кнігі «Паміж зоркай і свечкай» (2000), што падпісаў некалі сам Генадзь Мікалаевіч свайму сябру ў 2005 годзе.

Успамінамі пра Г.Бураўкіна падзяліліся паэт Навум Гальпяровіч і пісьменнік, навукоўца Анатоль Астапенка.

Куратар выставы «Іду да вершаў пешшу…» вядучы архівіст БДАМЛМ Наталля Мізон прэзентавала дакументы з фондаў архіва-музея, распавёўшы пра паэта Генадзя Бураўкіна, якія з’яўляецца годнасцю і гонарам беларусаў.

Архіў-музей выказвае ўдзячнасць усім удзельнікам мерапрыемства і запрашае даследчыкаў і аматараў беларускай літаратуры наведаць экспазіцыю «Іду да вершаў пешшу…».

 

1. Выступленне дырэктара БДАМЛМ А.Макаранка
2. Вядучы архівіст Н.Мізон прадстаўляе выставу «Іду да вершаў пешшу..».
3. Г.Левіна перадае ў фонды БДАМЛМ кнігу «Мгновения»
4. Падчас выступу галоўнага рэдактара часопіса «Роднае слова» Н.Шапран
5. Падчас выступу С.Шапрана
6. С.Шапран і А.Макаранка падчас перадачы дакументаў у фонды БДАМЛМ
7. Выступае А.Астапенка
8. Выступае Н.Гальпяровіч
9. С.Зуёнак падчас прывітальнага слова