«У імя жанчыны: на славу Міншчыны» У Маладзечне адбыўся жаночы дыялог пакаленняў
У Маладзечне адбылася натхняльная сустрэча «У імя жанчыны: на славу Міншчыны. Жаночы дыялог пакаленняў». Пляцоўка аб’яднала вопытных жанчын-кіраўнікоў арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў з маладымі дзяўчатамі, якія толькі пачынаюць свой прафесійны шлях. Сустрэча, арганізаваная Маладзечанскім раённым аддзяленнем БП «Белая Русь», стала прасторай для шчырай размовы аб жаночым лідэрстве, гістарычнай памяці і інавацыях. Маладыя дзяўчыны пачулі гісторыі жанчын, чый досвед стаў пуцяводнай картай для юных удзельніц.
Ключавым спікерам мерапрыемства выступіла дырэктар Занальнага дзяржаўнага архіва ў Маладзечне Іна Пудакевіч. Адкрываючы свой выступ, яна адзначыла, што асэнсаванне ролі беларускай жанчыны – гэта спроба не толькі ацаніць яе каласальны ўклад у цяперашні час, але і спраектаваць яе ролю на заўтрашні дзень. «Шмат у чым за жанчынай – будучыня. Бо менавіта ў сям’і, дзякуючы маці, закладваецца падмурак таго самага моцнага, добрага і працавітага пакалення, якое будзе будаваць заўтрашнюю Беларусь», – падкрэсліла дырэктар архіва. Яна прывяла ўражальныя лічбы: жанчыны складаюць больш як 54 працэнты насельніцтва краіны, Беларусь займае 9-е месца ў свеце па субіндэксу ўдзелу жанчын у эканамічным жыцці, а ў дзяржаўных органах прадстаўлена 70 працэнтаў жанчын. Беларускі паспяхова асвойваюць нават самыя суровыя прафесіі, у тым ліку кіраванне ваеннымі самалётамі. Аднак спікер сапраўды пазначыла і існыя выклікі: падвойную нагрузку ад неаплатнай хатняй працы, неабходнасць сумяшчаць мацярынства і кар’еру, а таксама важнасць псіхалагічнай падтрымкі і папулярызацыі STEAM-дысцыплін сярод дзяўчынак.
Асаблівая ўвага ў дакладзе была нададзена сувязі часоў. Успамінаючы знакамітых беларусак — Еўфрасінню Полацкую, Веру Харужую, Дар’ю Домрачаву, Марыну Васілеўскую, — Іна Пудакевіч акцэнтавала ўвагу: «Захоўваць гэтыя імёны ў памяці нашчадкаў — сёння і заўтра важная задача архівістаў». Яна таксама паспрабавала развеяць міф аб «ахоўніках пылу стагоддзяў». Паводле яе слоў, архівіст – гэта важны медыятар паміж мінулым і будучым. Менавіта такія якасці, як суперажыванне, інтуіцыя, увага да дэталяў і цярпенне, дазваляюць жанчыне-архівісту «чуць» дакумент, адчуваць боль і радасць, схаваныя паміж радкамі афіцыйных зводак і прыватных лістоў. І рабіць гэта якасна і сучасна.
Вопытам працы і жыццёвай мудрасцю з маладымі ўдзельніцамі падзяліліся таксама паважаныя маладзечанкі: Таццяна Шафаловіч, Ірына Беларусец, Марыя Стасяловіч, Ірына Завадская і Таццяна Курыловіч. Слаўныя справы многіх з іх ужо ўпісаны ў гісторыю раёна і надзейна захоўваюцца на архіўных паліцах.
Фінал мерапрыемства стаў па-сапраўднаму сімвалічным. Новыя партыйцы «Белай Русі», у тым ліку і архівіст ЗГА ў г. Маладзечне Таццяна Падароўская, атрымалі пасведчанні і значкі, якія з гэтага дня абавязваюць быць дастойнымі прадаўжальніцамі слаўных традыцый беларусак – тых, хто захоўвае памяць, стварае і вядзе за сабой. Як падкрэсліла старшыня Маладзечанскага раённага аддзялення БП «Белая Русь» Каліна Капуцкая, якая выступіла мадэратарам сустрэчы: ««У імя жанчыны. На славу Міншчыны» — гэтыя словы пасля сустрэчы гучаць не як лозунг, а як добры наказ ад калег і аднадумак».
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
| 1-9. Падчас мерапрыемства |








