Аб правядзенні агляднай экскурсіі для навучэнцаў ДУА «Гімназія № 4 г.Мінска» у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь

19 жніўня 2026 года ў ДУ «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» (НАРБ) адбылася аглядная экскурсія для навучэнцаў ДУА «Гімназія № 4 г.Мінска», арганізаваная ў рамках правядзення агульнарэспубліканскай акцыі «Архівы – школе».

З прывітальным словам да гасцей звярнуўся намеснік дырэктара НАРБ, кандыдат гістарычных навук С.В.Кулінок, які адзначыў асаблівую ролю архіва ў захаванні дакументальнай спадчыны і гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа.

У ходзе сустрэчы загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм В.Ю.Юркевіч расказала пра гісторыю архіва, асноўныя напрамкі яго дзейнасці і склад архіўных дакументаў.

Таксама навучэнцам былі прадэманстраваны тэматычныя відэаролікі «Мы памятаем …», падрыхтаваны работнікамі НАРБ з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту, і «Доблесны камсамол Беларусі», створаны Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў.

Працягам экскурсіі стала наведванне архівасховішча фондаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Архівіст аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм А.В.Кухарэнка распавёў навучэнцам пра асаблівасці захоўвання архіўных дакументаў, а таксама азнаёміў з сапраўднымі крыніцамі, якія адлюстроўваюць розныя падзеі ваенных гадоў. Асаблівая ўвага была нададзена дакументам пра партызанскі рух, злачынствы нямецкіх акупацыйных уладаў супраць мірнага насельніцтва і прымусовы вываз жыхароў БССР на работы ў Германію.

Правядзенне агляднай экскурсіі і знаёмства з працай архівістаў былі накіраваны на фарміраванне цікавасці да архіўнай дзейнасці і адказнага стаўлення да захавання дакументальнай спадчыны беларускай дзяржавы.

Інфармацыя падрыхтавана архівістам аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм архіва А.В.Кухарэнка.

 

1. Намеснік дырэктара архіва С.В.Кулінок падчас прывітальнай прамовы
2. Загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм В.Ю.Юркевіч расказвае пра гісторыю архіва
3. Госці архіва – навучэнцы ДУА «Гімназія № 4 г.Мінска»
4. Падчас прагляду відэароліка «Доблесны камсамол Беларусі»
5–8. Госці архіва падчас наведвання архівасховішча