Работнікі БДАМЛМ павіншавалі Літаратурны музей Максіма Багдановіча з 45-годдзем

1 красавіка 2026 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прынялі ўдзел ва ўрачыстым юбілейным мерапрыемстве з нагоды 45-годдзя заснавання Літаратурнага музея Максіма Багдановіча – даўняга партнёра архіва-музея. У рамках святкавання адбылася прэзентацыя выставы «Музей – гэта мы».

Гісторыю стварэння і станаўлення музея, які распачаў сваю дзейнасць 1 красавіка 1981 года, распавялі яго загадчык Міхаіл Бараноўскі і вядучы навуковы супрацоўнік Ірына Мышкавец. Многія рэчы, звязаныя з Максімам Багдановічам на той час ужо патрапілі ў сховішчы іншых устаноў Беларусі і замежжа або знаходзіліся ў прыватных сямейных калекцыях. Таму пошук і збіранне матэрыялаў зрабіліся галоўнымі кірункамі дзейнасці музея. Дзякуючы самаадданай працы навуковых супрацоўнікаў, а таксама плённаму ўзаемадзеянню са сваякамі, навукоўцамі, пісьменнікамі і аматарамі-энтузіястамі, за сваю 45-гадовую гісторыю фонды музея папоўніліся самымі разнастайнымі музейнымі прадметамі, агульная колькасць якіх на дадзены момант складае больш за 22 000 адзінак.

Павіншаваць калег сабраліся прадстаўнікі музейных і архіўных устаноў Беларусі. Вядучы архівіст БДАМЛМ Наталля Мізон у сваім прывітальным слове распавяла пра шматгадовае супрацоўніцтва і паспяховыя праекты, рэалізаваныя разам з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча.

Куратар выставы «Музей – гэта мы» Ірына Мышкавец прадставіла экспазіцыю, прысвечаную неацэннай ролі фондаўтваральнікаў музея. Гэта тыя знакавыя людзі, хто цягам больш як чатырох дзесяцігоддзяў спрычыніўся да пачэснай справы папаўнення музейнай скарбніцы. Сярод іх – Ніна Ватацы, Анастасія, Аркадзь і Максім Бараховічы, Наталля Кунцэвіч, Мікалай Гразноў, Ніна Дзябольская, Мікалай Лілееў, Віталь Моос, Людвіка Сівіцкая, Міхась Пазнякоў. На выставе можна ўбачыць іх партрэты і ўнікальныя рэчы, якія былі імі перададзены ў музей на захаванне.

Юбілей Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і прэзентацыя выставы «Музей – гэта мы» сталі яркім сведчаннем таго, што памяць пра вялікіх творцаў жыве і памнажаецца дзякуючы самаадданай працы захавальнікаў. Шчыра віншуем калег з юбілеем і жадаем далейшых поспехаў у справе захавання нацыянальнай культурнай спадчыны!

 

1. Вядучы архівіст БДАМЛМ Н.А.Мізон і загадчык аддзела БДАМЛМ В.В.Біруля падчас юбілейнага мерапрыемства ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча
2. Вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец
3. Загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі
4. Віншавальнае слова ад БДАМЛМ
5. Падчас прэзентацыі выставы «Музей – гэта мы»
6. Выкананне музычнага нумару