Прэзентацыя выставы «Кандрат Крапіва: жыццё ў дакументах і фактах» у Дэпартаменце па архівах і справаводству
![]() |
16 сакавіка 2026 года Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прадставіў літаратурна-дакументальную выставу «Кандрат Крапіва: жыццё ў дакументах і фактах», прысвечаную 130-годдзю народнага пісьменніка Беларусі. Прэзентацыя адбылася ў Дэпартаменце па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Мерапрыемства адкрыў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Алег Леанідавіч Воінаў. У сваім уступным слове ён падкрэсліў маштаб асобы Кандрата Крапівы як аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і адзначыў выключную ролю архіўных устаноў у справе захавання і папулярызацыі нацыянальнай культурнай спадчыны.
Куратар выставы, загадчыца аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Вера Валянцінаўна Біруля, пазнаёміла прысутных з экспазіцыяй. Яна звярнула асаблівую ўвагу на ўнікальнасць прадстаўленых матэрыялаў: пры адсутнасці ў архіве-музеі асабістага фонду пісьменніка, больш за 500 архіўных дакументаў захоўваюцца ў фондах яго сучаснікаў — вядомых беларускіх літаратараў, літаратуразнаўцаў, дзеячаў тэатра і мастакоў.
Выстава дакументаў ахоплівае біяграфічныя звесткі пра пісьменніка, яго працу ў час Вялікай Айчыннай вайны, сямейнае і грамадскае жыццё, драматургічную дзейнасць. Экспазіцыю дапаўняюць фотаздымкі К.Крапівы ў нефармальным асяродзі, гумарыстычныя шаржы, што дазваляюць убачыць яго з розных бакоў. Прадстаўленыя дакументы выклікалі шчырую зацікаўленасць прысутных.
Літаратурна-дакументальная выстава «Кандрат Крапіва: жыццё ў дакументах і фактах» – выдатная магчымасць для аматараў беларускай літаратуры дакрануцца да жыцця і творчасці вялікага пісьменніка, чыё слова застаецца вострым і актуальным нават у нашы дні.
![]() |
| 1. Выступленне А.Л.Воінава |
![]() |
| 2. Падчас прэзентацыі выставы «Кандрат Крапіва: жыццё ў дакументах і фактах» |
![]() |
| 3. В.В.Біруля прадстаўляе выставу «Кандрат Крапіва: жыццё ў дакументах і фактах» |
![]() |
| 4. Прэзентацыя выставы БДАМЛМ ў Дэпартаменце па архівах і справаводстве |




