Дакументальная выстаўка да 105-годдзя з дня стварэння Наркамата аховы здароўя БССР

17 снежня 2025 года ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) адкрылася дакументальная выстаўка, прымеркаваная да 105 – годдзя з дня стварэння Наркамата аховы здароўя БССР.

Савецкі ўрад правёў маштабную работу па аднаўленні разбуранай у гады Першай сусветнай вайны народнай гаспадаркі. 17 снежня 1920 г. па рашэнню з’езда Саветаў БССР Камісарыят аховы здароўя (створаны на базе Мінскага губернскага аддзела аховы здароўя) быў рэарганізаваны ў Народны камісарыят аховы здароўя БССР, а з 1946 г. – у Міністэрства аховы здароўя БССР.

З верасня 1920 г. Камісарам аховы здароўя БССР стаў С.Д. Камінскі (1861 – 1939). Сямён Давідавіч Камінскі нарадзіўся ў мястэчцы Барзна Чарнігаўскай губерніі, у 1889 г. скончыў медыцынскі факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Працаваў у Мінску лекарам-афтальмолагам. У 1923 – 1939 гг. загадваў кафедрай хвароб вачэй БДУ, потым – Мінскага медыцынскага інстытута.

На выстаўцы прадстаўлены сапраўдныя дакументы з фондаў НАРБ: дэкрэт СНК Беларускай ССР аб мерах барацьбы з эпідэміямі ў 1919 годзе; загады па Мінскаму губернскаму аддзелу аховы здароўя; рэгістрацыйная кніга інфекцыйных захворванняў па горадзе Мінску за 1918 – 1920 гг.; палажэнне Усерасійскага саюза работнікаў лячэбна – санітарнай справы аб нармальных аптэчных штатах; штаты мясцовых аддзелаў аховы здароўя на 1920 г., і іншыя дакументы.

Народны камісарыят аховы здароўя БССР займаўся арганізацыяй медыцынскіх устаноў, барацьбой з эпідэміямі, развіццём санітарнай службы і сістэмы медыцынскай адукацыі ў рэспубліцы, паляпшэннем побыту ўрачоў, аптэкараў і іншых медыцынскiх работнікаў.

Такім чынам, Наркамздраў БССР быў ключавым звяном у фарміраванні савецкай сістэмы аховы здароўя ў Беларусі, заклаўшы аснову для ўсёй будучай медыцынскай галіны краіны.

 

1. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка знаёміць з дакументальнай выставай да 105-годдзя з дня стварэння Наркамата аховы здароўя БССР
2. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка знаёміць з дакументальнай выставай да 105-годдзя з дня стварэння Наркамата аховы здароўя БССР
3. Архіўныя дакументы на выставе
4. Архіўныя дакументы на выставе
5. Архіўныя дакументы на выставе