Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадстаўляе віртуальную выставу «Выдатныя людзі Беларусі. Беларускі дзяржаўны дзеяч Канстанцін Наумавіч Длугашэўскі (да 120-годдзя са дня нараджэння)»
Вывучэнне жыцця і дзейнасці выдатных людзей Беларусі дае магчымасць беражліва захоўваць гісторыю беларускай дзяржавы.
Віртуальная выстава, падрыхтаваная на аснове дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ), прысвечана дзяржаўнаму дзеячу БССР, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Канстанціну Наумавічу Длугашэўскаму.
Біяграфія і працоўны шлях К.Н.Длугашэўскага з’яўляюцца адлюстраваннем развіцця Беларусі ў даваенны, ваенны і пасляваенны перыяды. Працуючы ў савецкіх органах у 1930-х гг., праяўляючы гераізм на франтах Вялікай Айчыннай вайны і прымаючы актыўны ўдзел у пасляваенным аднаўленні Беларусі на пасадзе старшыні Мінскага гарвыканкама і начальніка Галоўнага ўпраўлення камунальнай гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР, Канстанцін Наумавіч унёс значны ўклад у развіццё і працвітанне Беларусі.
Прадстаўленыя на віртуальнай выставе дакументы з фондаў НАРБ №4п «ЦК КПБ», №123 «Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь», №968 «Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь» і іншых даюць магчымасць для шматмернага асэнсавання ролі асобы ў гісторыі, нагадваючы, што гісторыя ствараецца людзьмі і іх адданасцю сваёй справе.
