Тыдзень нулявога траўматызму: у занальным дзяржаўным архіве ў г.Маладзечна адбылася прафілактычная сустрэча з удзелам прадстаўніка дзяржаўнай інспекцыі працы
У занальным дзяржаўным архіве ў г.Маладзечна ў рамках Тыдня нулявога траўматызму адбылася прафілактычная сустрэча з удзелам намесніка начальніка Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксея Пашкевіча. У сваім выступленні ён прадставіў статыстыку па Маладзечанскім раёне, адзначыўшы выпадкі вытворчага траўматызму са смяротным зыходам і цяжкімі наступствамі, падрабязна спыніўся на прычынах і наступствах няшчасных выпадкаў, падкрэсліўшы, што іх асновай часцей за ўсё становяцца парушэнні правілаў аховы працы, фармальны падыход да інструктажоў і недастатковы кантроль з боку кіраўнікоў. Спікер распавёў аб тыповых парушэннях як у вытворчай, так і ў невытворчай сферы, уключаючы выкарыстанне няспраўнага абсталявання, ігнараванне правілаў пажарнай бяспекі, загрувашчванне рабочых праходаў і халатнасць пры працы з аргтэхнікай. Асаблівая ўвага была ўдзелена рэкамендацыям архівістам: рэгулярна правяраць спраўнасць электрапрыбораў і аргтэхнікі, выконваць правілы эрганомікі працоўнага месца, бяспечна захоўваць дакументы і матэрыялы, своечасова праходзіць інструктажы і навучанне па ахове працы.
Акрамя таго, Аляксей Пашкевіч адзначыў важнасць прафілактыкі траўматызму ў быце і фарміраванне культуры бяспекі ў паўсядзённым жыцці, а таксама падкрэсліў ролю кіраўнікоў устаноў у сістэматычным кантролі за выкананнем патрабаванняў аховы працы і выхаванні ў супрацоўнікаў адказнага стаўлення да ўласнай бяспекі.
Сустрэча стала значным элементам Тыдня нулявога траўматызму, нагадаўшы, што бяспека працы-гэта штодзённая практыка, якая дапамагае захаваць здароўе і жыццё.
![]() |
| 1. Выступленне намесніка начальніка Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксея Пашкевіча |
![]() |
![]() |
![]() |
| 2-4. Падчас мерапрыемства |



