Круглы стол з адкрыццём выставы «Рыцар чалавечага духу» да 95-годдзя У.С.Караткевіча ў БДАМЛМ

 

26 лістапада 2025 года, у дзень 95-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры У.С.Караткевіча, у Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбыўся круглы стол з адкрыццём выставы «Рыцар чалавечага духу». Перад шматлікімі прысутнымі выступілі дакладчыкі з самымі рознымі тэмамі, якія былі паяднаны цікавасцю і павагай да шматграннай асобы паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, сцэнарыста Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.

З прывітальным словам і расповядам пра работу архівістаў у справе захавання і вывучэння дакументальнай спадчыны пісьменніка выступіла дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка.

Куратар выставы вядучы архівіст Н.А.Мізон пазнаёміла прысутных з экспануемымі дакументамі, звярнула ўвагу на самыя каштоўныя з іх і расказала, як афіцыйныя дакументы (пратаколы сходаў, даведкі, лісты ў арганізацыі і ўстановы, анкеты), што рэгламентуюць і фіксуюць жыццё ў грамадстве, кантрастуюць з творчымі дакументамі (рукапісамі вершаў і раманаў, лістамі да блізкіх людзей, малюнкамі У.Караткевіча і яго сяброў, сямейнымі фотаздымкамі). Абодва кластэры дакументаў у багатай колькасці прадстаўлены ў БДАМЛМ і дапамагаюць у даследаванні жыццёвага і творчага шляху пісьменніка.

Дацэнт кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ Л.В.Алейнік распавяла пра літаратуразнаўчы аспект у вывучэнні творчасці У.Караткевіча, прывяла цікавыя факты з жыцця сваёй сям’і, паказаўшы фотаздымак нарады маладых пісьменнікаў у 1957 г., дзе яе бацька В.Дайліда прысутнічаў разам з У.Караткевічам. Падчас выступлення Л.В.Алейнік студэнтаў-філолагаў зацікавіла абмеркаванне прысутнымі на круглым стале навукоўцамі праблемы гістарычнай праўды і мастацкага вымыслу ў творах У.Караткевіча і іншых пісьменнікаў.

Загадчык кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, прафесар С.М.Ходзін зрабіў даклад на тэму генацыду беларускага народу ў Вялікай Айчыннай вайне і прачытаў вершы У.Караткевіча на гэту тэму.

Літаратуразнавец П.П.Жаўняровіч распавёў пра вялікі аб’ём дакументаў у спадчыне Караткевіча і іх пошук спецыялістамі ў прыватных архівах Беларусі і за яе межамі і заклікаў маладых, у тым ліку прысутных студэнтаў-філолагаў, далучыцца да гэтай важнай справы, каб папоўніць персанальны фонд У.Караткевіча ў БДАМЛМ, а таксама фонды літаратурных музеяў і бібліятэкі НАН Рэспублікі Беларусь. Прыемным для арганізатараў выставы стаў той факт, што знаўца спадчыны У.Караткевіча, рэдактар збору твораў пісьменніка (нядаўна выйшаў 22 том) П.П.Жаўняровіч асабліва зацікавіўся двума дакументамі – лістом У.Караткевіча да У.Калесніка і лістом У.Караткевіча да літаратурнага крытыка А.Макарава (г.Масква), пра якія даследчык не ведаў, і іх яшчэ чакае ўключэнне ў збор твораў.

Ганаровы архівіст Г.В.Запартыка распавяла пра фарміраванне фонда №56 У.С.Караткевіча і прывяла ў прыклад выпадак, як сам пісьменнік у арыгінальнай і метафарычнай форме пісаў заяву ў архіў з нагоды здачы дакументаў у будучы фонд.

Дацэнт кафедры тэлебачання і радыёвяшчання БДУ А.І.Марозава выступіла з аналізам дзейнасці У.Караткевіча як сцэнарыста і прывяла прыклады шматлікіх праграм на беларускім тэлебачанні, у вытокаў якіх стаяў Уладзімір Сямёнавіч.

Паэт, пісьменнік, радыё- і тэлежурналіст, вядоўца аўтарскіх праграм Н.Я.Гальпяровіч расказаў, як кнігі У.Караткевіча паўплывалі на яго ў маладым узросце і вырашылі далейшы жыццёвы і творчы лёс. Прыведзеныя Навумам Якаўлевічам цікавыя гісторыі з асабістага знаёмства з Уладзімірам Сямёнавічам былі прыемным паэтычным акордам у завяршэнні ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага 95-годдзю У.С.Караткевіча. Навум Гальпяровіч сказаў: «Я – прадукт Караткевіча. Уся мая сям’я – прадукт Караткевіча…

Караткевіч – сімвал, настаўнік. Ён даў беларусам мару! Людзям патрэбны высокія міфы, высокія паняцці, каб падняцца над гэтай грэшнай зямлёй. Караткевіч падняў нас над грэшнай зямлёй і зрабіў людзьмі».

 

1. Падчас выступлення дырэктара БДАМЛМ А.А.Макаранка
2. Падчас адкрыцця выставы «Рыцар чалавечага духу»
3. Н.А.Мізон прадстаўляе выставу «Рыцар чалавечага духу»
4. Выступленне Л.В.Алейнік
5. Выступленне П.П.Жаўняровіча
6. Выступленне С.М.Ходзіна
7. Выступленне Г.В.Запартыкі
8. Выступленне А.І.Марозавай
9. Выступленне Н.Я.Гальпяровіча