Прафілактыка і памяць: архівісты Маладзечна абмеркавалі бяспеку разам з АСВОД і пазнаёмілі з дакументамі з гiсторыi раённай арганізацыі Таварыства ратавання на водах

У Занальным дзяржаўным архіве ў г.Маладзечна адбылася сустрэча працоўнага калектыву са старшынёй мясцовай арганізацыі АСВОД Анатолем Пецюшыкам. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай акцыі «Алкаголь і рыбалка — не сумяшчальныя» і стала часткай сістэмнай прафілактычнай работы па фарміраванні культуры бяспекі.

Госць распавёў пра выпадкі гібелі людзей на водах, падкрэсліўшы, што трагедыі часцей за ўсё адбываюцца з-за парушэння элементарных правілаў паводзін. Паводле статыстыкі, з пачатку года ў Беларусі на акваторыях і ў побыце патанулі 250 чалавек. Разам з тым папераджальная і асветніцкая праца прыносіць вынікі: у Мінскай вобласці смяротнасць на водах знізілася на 40%.

Асобна было адзначана, што ў Маладзечанскім раёне купальны сезон прайшоў адносна спакойна. Гэтаму спрыялі ўмовы надвор’я, праца ратавальнікаў і актыўная агітацыйная кампанія.

Архівісты Маладзечна пазнаёмілі Анатоля Пецюшыка з дакументамі арганізацыі, якія захоўваюцца ў фондах занальнага дзяржаўнага архіва. Гэта стала яскравым прыкладам таго, як архівы не толькі захоўваюць гістарычную памяць, але і падтрымліваюць сувязь з грамадскімі структурамі, умацоўваючы значнасць іх дзейнасці.

 

1. Выступ А.Пецюшыка
2. Матэрыялы па прафілактыцы