85 гадоў мудрасці. Віншаванне ветэрана архіва з Днём нараджэння
30 кастрычніка 2025 года супрацоўнікі ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Полацку» наведалі ветэрана архіва Шчасную Раісу Васільеўну. Дырэктар Лазаронак Людміла Віктараўна і прафарганізатар Бярэзіна Вольга Аляксандраўна павіншавалі Раісу Васільеўну з 85-гадовым юбілеем.
Шчасная Раіса Васільеўна нарадзілася 31 кастрычніка 1940 года ў вёсцы Рудня Сестранкоўскага сельсавета Полацкага раёна Віцебскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з маці знаходзілася на акупіраванай тэрыторыі. Скончыла Сяляўшчынскую сярэднюю школу Расонскага раёна, Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, Маскоўскі дзяржаўны гісторыка-архіўны інстытут.
У філіяле Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці ў г. Полацку Шчасная Р.У. працавала з 15 кастрычніка 1964 гады. І з гэтага моманту яе жыццё непарыўна звязана з архівам і архіўнай справай. Раіса Васільеўна працавала старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзела ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў. З 1992 года па 2004 год узначальвала аддзел забеспячэння і захаванасці дакументаў. З 2004 па кастрычнік 2016 года яна працавала вядучым архівістам гэтага ж аддзела. Архіўны стаж склаў 52 гады, паўстагоддзя жыцця і дзейнасці звязана з архівам. Раіса Васільеўна шчодра дзялілася сваім багатым досведам і ведамі, выхавала не адно пакаленне архівістаў.
Жыццёвы і прафесійны досвед, уменне рэалізоўваць свой патэнцыял, працавітасць і добрасумленнасць, высокая адказнасць за даручаную працу дазволілі дасягнуць Раісе Васільеўне значных вынікаў у архіўнай дзейнасці. Узнагароджана ганаровымі граматамі Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР, Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, нагрудным знакам «Выдатнік архіўнай справы», у 2008 годзе нагрудным знакам «Ганаравы архівіст Беларусi».
Прафесіяналізм Раісы Васільеўны, адданасць інтарэсам справы, а таксама такія чалавечыя якасці, як добразычлівасць, сумленнасць, прыстойнасць, спагадлівасць, набылі заслужаны аўтарытэт і павага сярод калег, кіраўніцтва.
Калектыў Дзяржархіва ў г. Полацку сардэчна віншуе Шчасную Раісу Васільеўну з юбілеем! Няхай па-ранейшаму будзе светлым і добрым свет унутры Вас, няхай кожны дзень прыносіць дабро і надзею, няхай для трывог душы не будзе прычын, няхай ані не аслабее Ваша здароўе і не пакіне аптымізм!
![]() |
| 1. Ветэраны архіва Калбека Н.К, Шчасная Р.В і дырэктар установы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Полацку» Лазаронак Л.В. (злева направа). |
