Выстава дакументаў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, прысвечаная 110-годдзю пачатку ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі
29 верасня 2025 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адкрылася выстава, прысвечаная 110-годдзю пачатку ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі.
У жніўні-верасні 1915 г. германскія і аўстра-венгерскія войскі акупавалі Віленскую, Гродзенскую і часткова Віцебскую і Мінскую губерні. Пад замежнай акупацыяй апынулася прыблізна 25 працэнтаў сучаснай тэрыторыі Беларусі. На працягу некалькіх гадоў войскі Расійскай імперыі, у шэрагах якіх было шмат беларусаў, упарта стрымлівалі арміі замежных акупантаў, мелі поспехі ў шэрагу баявых аперацый.
У перыяд Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, штабы карпусоў і дывізій, дзейнічалі шматлікія воінскія злучэнні і часткі розных родаў войскаў. У гады вайны на ваенную службу было прызвана прыкладна 900 тыс. чалавек з беларускіх губерняў.
На выставе дэманструюцца дакументы за 1914-1918 гг., сярод якіх лісты з фронту навучэнцаў Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, спісы воінскіх часцей на тэрыторыі Беларусі, справаздачы аб бежанцах, замежных ваеннапалонных, кітайскіх і сярэднеазіяцкіх рабочых, карты баявых дзеянняў і шэраг іншых.
Намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Сяргей Рындзін на агульным сходзе калектыву распавёў аб архіўных дакументах, прадстаўленых на выставе. Асабліва было адзначана, што выдавецтвам «Беларусь» выдадзена навукова-папулярная кніга «Першая сусветная вайна на беларускіх землях» з серыі «Гісторыя для школьнікаў», падрыхтаваная Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі пры падтрымцы Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Кніга прысвечана жыццю насельніцтва Беларусі ў перыяд Першай сусветнай вайны.
Прэзентацыя выставы суправаджалася паказам кінахронікі часоў Першай сусветнай вайны. У заключнай частцы мерапрыемства ўвазе аўдыторыі быў прадстаўлены ролік «AI-History: I Сусветная вайна», падрыхтаваны Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў. У роліку дэманструюцца фатаграфіі ваенных гадоў, «ажыўленыя» з дапамогай штучнага інтэлекту.
![]() |
| 1. Выступленне намесніка дырэктара НГА Беларусі Наталіі Булойчык |
![]() |
| 2. Намеснік дырэктара НГА Беларусі Сяргей Рындзін распавядае пра дакументы выставы |
![]() |
| 3. Работнікі НГА Беларусі |
![]() |
| 4. Агляд выставы |
![]() |
| 5. Агляд выставы |
![]() |
| 6. Выстава дакументаў |
![]() |
| 7. Паказ кінахронікі часоў Першай сусветнай вайны |
![]() |
| 8. Паказ роліка «AI-History: I Сусветная вайна» |







