Аб удзеле прадстаўніка БелНДІДАС у Маскоўскім геральдычным форуме — 2025

22 жніўня 2025 г., у Дзень святкавання Дзяржаўнага сцяга Расійскай Федэрацы, у Гербавай зале горада Масквы адбыўся Маскоўскі геральдычны форум – 2025. Яго арганізатарам выступіў Геральдычны савет г.Масквы на чале з яго герольдмайстарам, членам Прэзідыума Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі А.В.Кузняцовым. Форум закліканы папулярызаваць вывучэнне геральдыкі і прыцягнуць увагу да афіцыйных геральдычных сімвалаў.

Перад урачыстым адкрыццём форуму адбылося выступленне Ваенна-ўзорнага аркестра Праабражэнскага палка, які выканаў Дзяржаўны Гімн Расіі і папулярныя песенныя мелодыі ваенных гадоў.

На ўрачыстай цырымоніі 17 гарадскіх муніцыпальных утварэнняў сталіцы атрымалі пасведчанні аб рэгістрацыі гербаў і сцягоў, унесеных у Дзяржаўны геральдычны рэгістр Расійскай Федэрацыі і геральдычны рэестр горада Масквы. Адпаведныя пасведчанні выдаюцца муніцыпальным установам (гарадам, раёнам, паселішчам), дзяржаўным органам, якія распрацавалі і афіцыйна зацвердзілі сваю сімволіку ў адпаведнасці з геральдычнымі правіламі. Рэгістрацыя надае сімвалам афіцыйны статус і прававую абарону.

У Гербавай зале Масквы таксама адкрылася выстава, прысвечаная сімвалам Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і воінскай доблесці. Сярод экспанатаў — дзяржаўныя ўзнагароды (ордэны і медалі), знакі адрознення (пагоны, нарукаўныя і пятлічныя знакі), цяльняшкі. На адным са стэндаў размешчаны значкі, прысвечаныя гарадам-героям Савецкага Саюза, у тым ліку Брэсцкай крэпасці і гораду Мінску.

На пасяджэнні Геральдычнага савета яго члены ў прысутнасці запрошаных гасцей падвялі вынікі 5-гадовай дзейнасці па рэгістрацыі сімволікі гарадскіх аб’ектаў. Асабліва была падкрэслена важнасць умацавання кантактаў з Геральдычным саветам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

На пленарным пасяджэнні ў выступленнях удзельнікаў форуму неаднаразова падкрэслівалася думка аб тым, што падобныя мерапрыемствы не толькі разглядаюць пытанні тэорыі і практыкі геральдыкі, але і знаёмяць з вынікамі апошніх пошукаў у гэтай галіне. Геральдыка спрыяе захаванню гістарычнай памяці і развіццю патрыятызму ў сэрцах грамадзян і, у першую чаргу, моладзі.

У рабоце форуму прыняла ўдзел старшы навуковы супрацоўнік аддзела археаграфіі БелНДІДАС, кандыдат гістарычных навук, сакратар Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Марына Міхайлаўна Ялінская, якая выступіла з дакладам на тэму «Геральдычны савет пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і асноўныя прынцыпы яго дзейнасці». Падчас даклада былі прадэманстраваны афіцыйныя геральдычныя сімвалы, якія прайшлі экспертызу Геральдычнага савета, афіцыйна заснаваны і ўнесены ў Дзяржаўны геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь, вядзенне якога ажыццяўляе Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

1.Урачыстае адкрыццё Геральдычнага форуму — 2025 у г.Маскве
2. Старшы навуковы супрацоўнік аддзела археаграфіі БелНДІДАС, к.г.н. М.М. Ялінская падчас пленарнага пасяджэння Геральдычнага форуму – 2025 у г.Маскве
3. Гербавая зала г.Масквы