Аб удзеле ўстановы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» ў здымках хранікальна-дакументальнага фільма « Паўсталыя з руін» тэлеканала «Беларусь3»
Галоўная дырэкцыя тэлеканала «Беларусь 3» генеральнага прадзюсарскага цэнтра працуе над стварэннем цыкла хранікальна-дакументальных фільмаў «Паўсталыя з руін», прысвечаных аднаўленню будынкаў культурных аб’ектаў Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны.
14 жніўня 2025 г. у Дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці прайшлі здымкі дакументальнага фільма, які будзе прысвечаны гісторыі пасляваеннага аднаўлення Палаца Румянцавых і Паскевічаў у г. Гомелі.
Намеснік дырэктара архіва Зоя Аляксандравіч і загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Алена Горбік прынялі ўдзел у запісе інтэрв’ю, падалі інфармацыю і матэрыялы аб пасляваенным аднаўленні палаца.
Для асвятлення тэмы пасляваеннага аднаўлення Палаца Румянцавых і Паскевічаў у г. Гомелі былі прадстаўлены дакументы фонду Упраўлення будаўніцтва і архітэктуры Гомельскага аблвыканкама. Сярод іх: Акт аб шкодзе, прычыненай нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі Гомельскаму гістарычнаму музею, складзены 15 снежня 1944 г.; Тлумачальная запіска да акта аб разбурэнні нямецка-фашысцкімі захопнікамі былога палаца графа Паскевіча ў г. Гомелі, у якую ўвайшлі такія раздзелы, як: агульнае апісанне палаца, «Апісанне правага флігеля», «Апісанне Цэнтральнага корпуса палаца», «Апісанне левага флігеля» «Разлік кошту разбуранага будынка палаца», «Апісанне экспанатаў Гістарычнага музея»; План разбуранага будынка былога Палаца князя Паскевіча да акта ад 16 ліпеня 1945 г.; Акт аб выніках абследавання помніка архітэктуры «Пахавальня князя Паскевіча» (18-19 ст.) ад 16 ліпеня 1945 г.; Ліст начальніка Інспекцыі дзяржархбудкантролю Ханіна начальніку Гомельскага абласнога аддзела па справах архітэктуры М.Томах аб дапрацоўцы праекта рэстаўрацыі даху ў адпаведнасці са знешняй архітэктурай былога палаца князя Паскевіча ад 9 ліпеня 1949 г. і інш.
Цікавасць здымачнай групы выклікалі дакументы Гомельскага абласнога краязнаўчага музея за 1944-1951 гг. У вопіс №1 Фонду №1871 уключаны загады, каштарысы выдаткаў і штатныя расклады, справаздачы, дакументы па асабістым складзе і інш.; у раздзеле за 1946 г. ёсць «Становішча і план працы на 1946 – 1947 гг.».; у раздзелах за 1946 г. і 1948 г. маюцца «Опісы экспанатаў». Гэты комплекс дакументаў дае магчымасць даследаваць пытанні эвакуацыі музейных каштоўнасцей у пачатковы перыяд вайны 1941 г. у г. Сталінград, г. Урупінск Сталінградскай вобласці, іх рээвакуацыі пасля заканчэння вайны, аднаўлення Гомельскага абласнога краязнаўчага музея ў адпаведнасці з рашэннем Гомельскага аблвыканкама ад 28 сакавіка 1944 г. Напрыклад, у справаздачы за 1946 г. ёсць звесткі, што 11 чэрвеня 1946 г. з г. Урупінска Сталінградскай вобласці было вернута з эвакуацыі каля 3800 экспанатаў (карціны, скульптуры, мэбля, манеты, ордэны, медалі) абласнога краязнаўчага музея. У фондзе ёсць вопіс экспанатаў на 30 снежня 1946 г.у якім значыцца 5949 адзінак з указаннем іх кошту. У фондзе ёсць таксама вопіс на 200 адзінак, складзены ў 1947 г., на экспанаты не эвакуіраваныя ў гады вайны і вывезеныя нямецка-фашысцкімі акупантамі.
Цыкл хранікальна-дакументальных фільмаў «Паўсталыя з руін» галоўная дырэкцыя тэлеканала «Беларусь 3» плануе выпусціць на экран восенню 2025 года.
![]() |
| 1.Намеснік дырэктара архіва Зоя Аляксандравіч і загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Алена Горбік на здымках фільма |
![]() |
| 2. Намеснік дырэктара архіва Зоя Аляксандравіч дэманструе дакументы аб аднаўленні Палаца Румянцавых і Паскевічаў у г. Гомелі |
![]() |
| 3. Загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Алена Горбік на інтэрв’ю |


