У Дзяржархіве ў г.Глыбокае праведзены круглы стол «О, жанчыны, славім вашу працу!»
Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня 8 Сакавіка ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г.Глыбокае» сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама, у рамках святкавання 85-годдзя Глыбоцкага раёна, праведзены круглы стол «О, жанчыны, славім вашу працу!», прысвечаны Дню жанчын.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, члены раённай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» і лаўрэаты абласнога этапу конкурсу «Жанчына года» 2000-2025 гг.
Адкрыла мерапрыемства намеснік старшыні Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Таццяна Тарасевіч.
Загадчык аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Дзяржархіва Таццяна Аўласава правяла прэзентацыю выстаўкі архіўных дакументаў «Слава ў руках працы». Прадстаўленыя на выставе дакументы расказваюць пра жыццё і дзейнасць дзвюх жанчын – Марыі Ярмаловіч, брыгадзіра комплекснай брыгады Глыбоцкага вопытнага лясгаса, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і Веры Шынкевіч, аператара машыннага даення, ардэнаносца, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР.
Прысутныя азнаёміліся з тэматычным стэндам, падрыхтаваным супрацоўнікамі архіва, на якім размешчаны плакаты савецкага перыяду, якія паказваюць моцных, упэўненых дзяўчат, жанчын, якія заклікаюць да атрымання адукацыі, працы, заняткаў спортам, мацярынства.
Падчас круглага стала ўдзельнікі атрымлівалі віншаванні, дзяліліся ўражаннямі.
У заключным слове намеснік старшыні раённай арганізацыі «БСЖ» Анжэла Дырко паабяцала супрацоўнікам Дзяржархіва, што неўзабаве сярод дакументаў асабістага паходжання будуць і дакументы лаўрэатаў конкурсу «Жанчына года Віцебшчыны».
На калажы: Фатаграфіі, зробленыя падчас правядзення мерапрыемства